Прыгожын заявіў, што выведзе вагнераўцаў з Бахмута. Што думаюць на гэты конт УСУ

Лідар вагнераўцаў Яўген Прыгожын паабяцаў вывесці сваіх байцоў з Бахмута 10 мая з-за адсутнасці боепрыпасаў. Па ацэнцы ўкраінцаў, у «Вагнера» сканчаюцца байцы, а не снарады.

05.05.2023 / 12:27

Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа

«Я выводжу падраздзяленні ПВК «Вагнер» з Бахмута, бо пры адсутнасці боепрыпасаў яны асуджаныя на бессэнсоўную гібель», — заявіў ён у звароце да вайсковага камандавання і Уладзіміра Пуціна, апублікаваным у тэлеграме.

Разам з тым інтэнсіўнасць баёў у Бахмуце не спадае. Па словах прадстаўніка Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргея Чараватага, расіяне працягваюць атакаваць на гэтым кірунку, цяжкія баі працягваюцца.

Таксама УСУ асцярожна каментуюць гэтыя заявы Прыгожына, тлумачачы, што ў іх ёсць свая мэта. «На працягу месяцаў Прыгожын спрабуе рабіць эпатажныя заявы, каб прыцягнуць да сябе ўвагу», — кажа вайсковец у каментарыі Бі-бі-сі.

Паводле яго слоў, гэта робіцца па двух прычынах — у вагнераўцаў заканчваюцца баевікі і працягваецца ўнутранае супрацьстаянне ў расійскім ваенным кіраўніцтве.

«За гэтыя суткі знішчана 137 акупантаў, 202 параненыя, яны нясуць вялікія страты», — кажа Чараваты і дадае, што насамрэч, у іх не боепрыпасны, а чалавечы голад. Расійскае Мінабароны, з яго слоў, не адпраўляе вагнераўцам падмогу ў такой колькасці, як ім хацелася б.

Але нягледзячы на гэтыя заявы, пакуль вагнераўцы працягваюць атакаваць УСУ ў Бахмуце, там і далей працягваюцца цяжкія баі. Чараваты паведаміў, што за суткі былі 43 боесутыкненні і 520 абстрэлаў рознымі калібрамі. «Інтэнсіўнасць баёў не спадае. Я думаю, яны і далей робяць усё, каб захапіць Бахмут да 9 мая».

Чытайце таксама:

Прыгожын заявіў, што выведзе «Вагнер» з Бахмута 10 мая

«Дзе, б***, боепрыпасы?» Прыгожын паказаў поле, усцеленае трупамі вагнераўцаў, і абмацюкаў Шайгу і Герасімава

Істэрыкі Прыгожына паказваюць, што Расія можа быць бліжэйшай да 1917 года, чым мы думаем

Nashaniva.com