«Быў хімікам, стаў капітанам яхты». Беларус змяніў прафесію ў 40 год і расказвае, як гэта
На пачатку нулявых Аляксей працаваў у Акадэміі навук. А пасля эміграваў у Польшчу, дзе захапіўся яхтынгам. Ён расказаў «Нашай Ніве», як змяніў прафесію і якія маршруты прапаноўвае для падарожжаў.
09.05.2023 / 21:31
Фота: асабісты архіў
«Не разумею людзей, якія чапляюцца за свой занятак і пры гэтым скардзяцца, што ім мала плацяць»
Аляксей Матусевіч працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук два гады па размеркаванні — з 1999 па 2001 год.
На пачатку нулявых яму прыйшлося змяніць працу, бо ў Акадэміі тады плацілі зусім малы заробак.
«Знаёмыя запрасілі спецыялістам па сертыфікацыі і мытным афармленні. Я пайшоў, хаця нічога пра гэту сферу не ведаў, у працэсе навучыўся, на курсы схадзіў.
Дарэчы, ніколі не разумеў людзей, якія чапляюцца за свой занятак і пры гэтым скардзяцца, што ім мала плацяць. Я заўсёды імкнуўся працаваць там, дзе плацяць добра, у меру сваіх магчымасцяў, зразумела.
Галоўнае — трэба глядзець, да чаго ў чалавека ёсць схільнасць. У любой прафесіі можна дасягнуць поспеху, калі яна будзе падабацца. Можна быць геніяльным шаўцом, зарабляць на гэтым шмат, а можна эканамістам — і мець мала», — расказвае ён.
На пытанне, чаму менавіта хімія, Аляксей адказвае, што яму было цікава зразумець гэты сусвет.
У 2007-м мужчына пераехаў у Польшчу, пачаў вучыцца ў аспірантуры Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта.
«Стала зразумела, што краіна не пойдзе шляхам рэформаў, калі пачаліся першыя пратэсты супраць Лукашэнкі. Было ясна, што Расія не дасць здабыць свабоду краіне», — тлумачыць ён, чаму не застаўся на радзіме.
Але пасля аспірантуры працаваць хімікам Аляксей не пайшоў. Тлумачыць, што ў хімікаў рэдка бывае, што цалкам атрымліваеш задавальненне ад працы: свае жаданні даводзіцца падганяць пад патрабаванні арганізацыі. Ён стаў інжынерам у кампаніі, якая займалася медыцынскім абсталяваннем.
Пяць гадоў таму мужчына (цяпер Аляксею 45 гадоў) захапіўся яхтынгам, пасля таго як аднойчы разам са знаёмым паспрабаваў схадзіць у мора.
Фота: асабісты архіў
«Пасля некалькіх паходаў у мора са знаёмым падумаў, што хачу здаць на правы. Вучыўся два тыдні. Але проста скончыць курсы недастаткова. Трэба набраць пэўны стаж, каб потым вазіць людзей.
Сабраў каманду, адправіліся ў паход. Тады яшчэ паралельна з працай гэтым займаўся, браў адпачынак на тыдзень-два. Неўзабаве мая праца ў офісе мне надакучыла — руціна. Адкрыў ІП, і пачаліся мае марскія вандраванні.
Фота: асабісты архіў
Прафесійна займацца яхтынгам няпроста. Гэта перш за ўсё вялікая адказнасць — за яхту, людзей. Капітан у паходзе працуе 24 гадзіны на суткі, нельга расслабляцца. І наогул, дзейнасць гэта спецыфічная, не для ўсіх. Але цікавая. Галоўнымі неабходнымі рысамі капітана я бы назваў дысцыплінаванасць, стрэсаадольнасць і лідарскія здольнасці.
А людзям, якія хочуць змяніць сферу дзейнасці, але баяцца, самая простая парада — не баяцца, а рабіць», — кажа ён.
Фота: асабісты архіў
«З чалавека бяру 500-600 еўра»
Першае месца, якое Аляксей абраў для падарожжа, былі грэчаскія астравы. Гэта самы актыўны рэгіён для яхтынгу.
«Прыгожых маршрутаў шмат, — кажа ён. — І на Канарскіх астравах, і ў Іспаніі, і ў Італіі, але мне больш за ўсё падабаецца ў Грэцыі, па Кікладскіх астравах».
Фота: асабісты архіў
У сапраўдны шторм мужчына пакуль не трапляў.
«Таму што не хацеў. Заўсёды ёсць прагноз надвор'я, калі там паказвае моцны вецер, у мора лепш увогуле не выходзіць».
Яхту Аляксей бярэ ў арэнду. Звычайна на тыдзень, каштуе — ад 2000 еўра і больш, у залежнасці ад сезона i месца.
«З чалавека бяру ад 500 еўра за тыдзень. Звычайна ў камандзе 8 чалавек. Ежа, паліва, самі стаянкі аплачваюцца асобна, ёсць на яхце агульная каса. Калі, напрыклад, выбіраем грэчаскія астравы, то стартуем з Афін».
Фота: асабісты архіў
Пасажыры на яхце па сутнасці становяцца чальцамі каманды.
«Навучаюцца марской справе — як кіраваць яхтай, ставіць ветразі. З забаў — спыняемся ў якой-небудзь бухце, кідаем якар і купаемся. Можна плаваць з ластамі, маскай, глядзець на падводны свет. На востраве высаджваемся, гуляем, глядзім славутасці. Можна, напрыклад, на гару залезці ці ў пячору, а некаторыя адразу ў рэстаран ідуць ці на пляж.
Большасць у такі паход ідуць упершыню. Некаторым у першы дзень цяжка, на другі ўжо лепш, а на трэці дык увогуле смакуюць. Мая мэта, канечне, каб як мага больш людзей гэтым захапляліся, самі станавіліся капітанамі», — расказвае герой.
Цяпер яхтынг стаў яго асноўнай працай.
«У Еўропе не прынята хваліцца, колькі хто зарабляе. Мне хапае на жыццё».
Чытайце таксама:
Кірстэн Нойшафер стала першай жанчынай, якая перамагла ў кругасветнай гонцы Golden Globe Race
Літовец у адзіночку на лодцы перасёк Атлантыку. Падарожжа доўжылася 120 дзён