У Мінску на садку затынкавалі мазаіку, да якой усе прывыклі

У мінскім Зялёным Лузе — ці то сумная, ці то кранальная гісторыя. Там ёсць дзіцячы садок, які празвалі «Чабурашка». Усе з-за мазаік на фасадзе, якія знаходзяцца там, колькі памятаюць мясцовыя жыхары. Падчас рамонту адну з іх затынкавалі, другі Чабурашка — у небяспецы. «Дзеці засмучаныя», — напісала ў Onlíner адна мама.

04.05.2023 / 08:29

Гаворка пра дзіцячы сад №347, што на вуліцы Цікоцкага, 52.

— Яго празвалі «Чабурашка». Мазаіка на фасадзе была мясцовай славутасцю. Цяпер, пасля рамонту, яе няма. Дзеці вельмі засмучаныя, — адзначыла маці аднаго з малых.

Прычына расстройства зразумелая: на месцы вясёлага героя з мульціка цяпер сумная тынкоўка.

Сумуюць і бацькі.

— Выхавальнікі сказалі, што плітка абсыпаецца, таму па-над ёй і пачалі тынкаваць. Мазаіка была простая, але ўсе яе любілі. Прыкра.

Чабурашку на другім фасадзе не затынкавалі. Вось ён, на фатаграфіі, зробленай год таму.

У дзіцячым садку №347 растлумачылі гэтую гісторыю. Работы на будынку — планавы рамонт, яго праводзяць ад Упраўлення па адукацыі Першамайскага раёна Мінска.

— На жаль, мазаіка была ўжо небяспечная. Плітка пачала патроху абсыпацца, а пытанні бяспекі — на першым месцы.

Але ёсць і добрыя навіны: другога Чабурашку знішчаць не будуць, прынамсі пакуль, паколькі там стан сцяны нармальны.

Мазаікі былі на сцяне з моманту пабудовы будынка ў 1975 годзе. Адсюль і «Чабурашка» — неафіцыйная назва дзіцячага садка. Малюнак гэтага героя ёсць і на сайце дашкольнай установы.

Зразумела, што бяспека — справа важная. Але хацелася б, каб тыпавыя праекты рамонтаў усё ж улічвалі мясцовыя асаблівасці. Напрыклад, мінулым летам затынкавалі каларытную савецкую мазаіку на сцяне гімназіі №15 на вуліцы Максіма Багдановіча.

Nashaniva.com