Уначы расіяне атакавалі «Шахедамі» Украіну. Большасць дронаў збілі

Гэтай ноччу ў многіх рэгіёнах Украіны — Кіеве і вобласці, Сумскай, Запарожскай, Адэскай абласцях — зноў была паветраная трывога і гучалі выбухі. Пра вынікі паведамілі ўлады Адэскай вобласці і Кіева, піша Бі-бі-сі.

04.05.2023 / 07:25

Прадстаўнік вайсковай адміністрацыі Адэскай вобласці Сяргей Братчук паведаміў, што ў Адэсу прыляцела 15 Shahed-136, 12 з іх былі знішчаныя, тры трапілі ў інтэрнат «адной з навучальных устаноў» (у сацсетках былі непацверджаныя паведамленні, у якіх згадвалася Вайсковая акадэмія). Братчук піша, што «людзі не пацярпелі», а пажар быў патушаны.

Кіеўская гарадская вайсковая адміністрацыя вуснамі свайго кіраўніка Сяргея Папко паведамляе, што за чатыры ночы мая Кіеў перажыў ужо трэцюю комплексную атаку.

Ужываліся як «Шахеды», так і «ракеты, верагодна балістычнага тыпу», колькасць іх пакуль не ўстаноўленая.

Усе яны былі збітыя, ахвяр сярод мірнага насельніцтва і разбурэнняў не было, паведамляе адміністрацыя.

Nashaniva.com