Сёння ноччу была спроба ўдару беспілотнікамі па Крамлі
Расійскі бок абвінаваціў Украіну ў спробе атакі Крамля беспілотнікамі. Пуцін, як паведамляецца, не пацярпеў — яго ў гэты час у Крамлі не было.
03.05.2023 / 14:37
Скрыншот відэа
Сёння ноччу жыхары цэнтра Масквы чулі моцны хлапок, падобны да раскату грому. Пасля гэтага перастала працаваць падсвятленне Крамля. У інтэрнэце стала распаўсюджвацца відэа, дзе над Крамлём быў відаць дым.
Пасля абеду прэс-служба прэзідэнта Расіі заявіла, што два ўкраінскія беспілотнікі спрабавалі атакаваць Крэмль.
«Яны былі своечасова выяўленыя і выведзеныя з ладу сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. У выніку падзення дронаў і разлёту аскепкаў ніхто не пацярпеў», — гаворыцца ў паведамленні.
Крэмль назваў атаку беспілотнікаў на рэзідэнцыю прэзідэнта тэрактам і замахам на Пуціна.
У Крамлі заявілі, што пакідаюць за сабою права «адказаць — там і тады, калі палічаць патрэбным».
На відэа бачна, што ў выніку выбуху беспілотніка гарэў купал Сенацкага палаца Крамля.
Пакуль няясна, ці сапраўды гэта была атака беспілотнікаў на Крэмль, ці маем справу з імітацыяй нападу, інсцэніраванай расійскімі спецслужбамі для апраўдання ўдараў па гарадах Украіны.
Мэр Масквы Сабянін забараніў запуск беспілотных лятальных апаратаў у горадзе.
Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што парад на 9 Мая на Краснай плошчы адбудзецца, нягледзячы на падзеі гэтай ночы.
Выбух беспілотніка над Крамлём трапіў на відэа. Магчыма, ён быў збіты непасрэдна над палацам.