Ролю «найлепшых людзей горада» на сустрэчы з Лукашэнкам у Ветцы выконваў прафсаюзны актыў

«Звычайныя жыхары» Веткі, якія так расчулілі Аляксандра Лукашэнку, аказаліся мясцовым прафсаюзным актывам і чыноўнікамі, піша Reform.by.

02.05.2023 / 10:41

 Сустрэча Лукашэнкі з «выпадковымі» мінакамі ў Ветцы

«Я бачыў сёння ў Ветцы радасныя твары, і ў чым асаблівасць — калі ёсць нейкія дробныя пытанні, то жанчыны хуценька гэтага чалавека адсоўваюць: «Ды гэта не прэзідэнта пытанні, ды гэта не галоўнае». Галоўнае — каб быў мір, каб не прылятала сюды (як кажуць на Данбасе), каб людзі жылі на мірнай зямлі. Людзі, нарэшце, сваім прыярытэтам зрабілі нармальнае жыццё, спакойнае, мірнае, і жыццё сваіх дзяцей. Гэты прыярытэт сёння я бачу на Гомельшчыне ды і па ўсёй рэспубліцы», — пахваліўся на сустрэчы ў Ветцы 28 красавіка з абласнымі чыноўнікамі Лукашэнка.

Хто ж гэтыя дапушчаныя да цела каханага кіраўніка «найлепшыя людзі горада»? Reform.by паглядзеў на твары і многіх даведаўся.

Не ўсе асобы ў афіцыйнай фотасправаздачы бачныя, многіх здымалі са спіны для стварэння масавасці. Але тыя, хто змог прадэманстраваць «шчанюковую» радасць пры Лукашэнку і паказаць твар, добра знаёмыя мясцовым жыхарам — гэта раённыя прафсаюзныя кіраўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў.

У натоўпе, як гэта звычайна бывае, не было вертыкальшчыкаў — усе яны знаходзіліся на афіцыйнай сустрэчы, а вось на вуліцы Лукашэнку чакалі тыя, каму месца ў зале не знайшлося. Але гэта правераныя людзі.

Вадзім Гаўрылаў і Уладзімір Бялоў

Журналістам удалося апазнаць былога (якую пасаду ён займае зараз, знайсці не змаглі) і цяперашняга старшыню Веткаўскага раённага абʼяднання арганізацый прафсаюзаў Уладзіміра Бялова і Вадзіма Гаўрылава (сустракалі на выхадзе з выканкама), старшыню прафкама Веткаўскай ЦРБ Тамару Радзькоўскую (прасіла застацца на пасадзе гады), старэйшую медсястру ЦРБ Любоў Арэх (30 гадоў таму прыехала з Узбекістана), намесніца кіраўніка па ідэалагічнай працы Веткаўскага спецлясгаса Тамару Убажэнка (сустракала на чале групы са словамі «у нас няма праблем»).

Тамара Убажэнка, Любоў Арэх, Тамара Радзькоўская

Чытайце таксама:

Лукашэнка прыехаў на поле на паліраваным ГАЗіку ў суправаджэнні ахоўніка з аўтаматам

Што Лукашэнка рабіў у Віскулях чатыры з паловай гадзіны?

Лукашэнка на суботніку падарыў Азаронку кувалду

Nashaniva.com