Расія застаецца без спецназа. Агульныя страты набліжаюцца да 50 тысяч забітымі

На аснове адкрытых крыніц Бі-бі-сі ўдалося ўстанавіць імёны 21 700 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Тэмпы прыросту страт працягваюць заставацца высокімі, прычым не толькі ў атрадах, складзеных са зняволеных, але і ў спецыялізаваных падраздзяленнях расійскай арміі.

02.05.2023 / 10:29

Фота: Расгвардыя

Руская служба Бі-бі-сі сумесна з выданнем «Медыязона» і камандай валанцёраў устанавіла, што за 14 месяцаў уварвання расійскія сілы страцілі, прынамсі, 3401 элітнага спецыяліста, сярод якіх байцы спецназа ГРУ і Расгвардыі, дэсантнікі, марскія пехацінцы і вайсковыя пілоты. На іх падрыхтоўку сышлі гады намаганняў і мільёны даляраў.

Гаворка ідзе толькі пра тыя звесткі, якія можна знайсці і праверыць па адкрытых крыніцах, то-бок рэальная колькасць страт бясспрэчна яшчэ большая.

За апошнія два тыдні ўдалося ўстанавіць імёны 1249 загінулых (прынамсі, 54 з іх служылі ў элітных падраздзяленнях). Гэта істотна больш, чым сярэднія паказчыкі 2022 года. У першыя 12 месяцаў вайны расійскія крыніцы кожны тыдзень паведамлялі прыкладна пра 250—300 загінулых.

Траціна ўсіх гэтых страт прыпадае на тых, хто да пачатку ўварвання не быў звязаны з арміяй: добраахвотнікаў, мабілізаваных, зняволеных і нядаўна набраных супрацоўнікаў ПВК. Мяркуючы па адкрытых даных, найбольшыя страты ў апошнія месяцы па-ранейшаму нясуць зняволеныя, якія ваююць у раёне Бахмута, шмат страт і ў атрадах мабілізаваных.

Спіс можа ўтрымліваць, прынамсі, у два разы менш імёнаў загінулых, чым насамрэч пахавана ў Расіі. Да такой высновы журналісты прыйшлі, вывучаючы абстаноўку на могілках у больш чым 65 расійскіх населеных пунктах на працягу апошніх 14 месяцаў.

Такім чынам, паводле найбольш кансерватыўнай ацэнкі падчас уварвання ва Украіну Расія магла страціць 43 400 чалавек загінулымі.

Агульныя беззваротныя страты Расіі (гэта значыць колькасць тых, хто выбыў са строю з прычыны ранення або смерці ці прапаў без вестак) могуць складаць, прынамсі, 195 000 чалавек.

Гэтая лічба атрымана на аснове назіранняў Цэнтра вайскова-марскога аналізу ЗША, згодна з якімі на кожнага загінулага расійскага вайскоўца падчас вайны ва Украіне прыпадае ў сярэднім блізу трох з паловай параненых.

У гэтую лічбу не ўваходзяць тыя, хто ваяваў на баку Расіі ў складзе «народных міліцый» Данецка і Луганска. Акрамя таго, няма магчымасці ўстанавіць нават прыкладна колькасць вайскоўцаў, зніклых без вестак.

Чытаць таксама:

ЗША: Са снежня на вайне ва Украіне загінулі 20 тысяч расіянаў, многія з іх — у Бахмуце

Nashaniva.com