Аральны сэкс стаў самым частым фактарам развіцця раку горла — даследаванне

Згодна з нядаўняй медыцынскай справаздачай, выпадкі раку ратаглоткі за апошні час выраслі настолькі моцна, што некаторыя спецыялісты называюць гэта сапраўднай эпідэміяй. Мужчыны, якія практыкуюць кунілінгус і часта мяняюць партнёрак, — асноўная група рызыкі.

28.04.2023 / 20:38

Рак ратаглоткі часцей за ўсё сустракаецца ў тых, хто практыкуе аральны сэкс са шматлікімі партнёрамі. Фота: Wikimedia Commons

Навуковае выданне The Conversation 25 красавіка апублікавала даследаванне, у якім адзначаецца рэзкі рост захворвання на рак горла сярод жыхароў ЗША і Вялікабрытаніі. Паказчыкі росту за апошнія дзесяцігоддзі cталі настолькі высокімі, што некаторыя спецыялісты называюць гэта сапраўднай эпідэміяй.

Гаворка ідзе пра асаблівы тып раку — рак ратаглоткі, які паражае міндаліны і заднія сценкі горла. Дадзены тып раку ў асноўным выклікаецца вірусам папіломы чалавека (ВПЧ), які здольны перадавацца толькі палавым шляхам. 

Пры гэтым у даследаванні адзначаецца, што рак ратаглоткі часцей за ўсё развіваецца менавіта ў тых, хто практыкуе аральны сэкс са шматлікімі партнёрамі.

«Асноўным фактарам развіцця раку ратаглоткі з'яўляецца колькасць палавых партнёраў на працягу жыцця, якія практыкуюць аральны сэкс. У тых, хто мае шэсць і больш такіх партнёраў, імавернасць развіцця рака ратаглоткі ў 8,5 разоў вышэйшая, чым у тых, хто ўвогуле не займаецца аральным сэксам», — піша навуковае выданне The Conversation.

Нягледзячы на ​​тое, што ВПЧ пасля трапляння ў чалавечы арганізм з часам звычайна выкараняецца самастойна, у некаторых людзей з-за слабога імунітэту вірус застаецца, і пры гэтым можа перадавацца іншым людзям і выклікаць рак.

Вакцыны ад ВПЧ існуюць, але мала хто імі прышчапляецца. 

Статыстыка паказвае, што мужчыны, якія практыкуюць кунілінгус і часта мяняюць партнёрак, — асноўная група рызыкі. 

Чытайце таксама:

«Яна зрабіла мне мінет, ён быў самым жудасным у маім жыцці». Беларусы расказалі пра свае самыя дзіўныя спатканні

Камасутра па-беларуску

Усплёск ангін: як засцерагацца

Навукоўцы: Гель-лак для пазногцяў можа выклікаць моцную алергію і быць небяспечны для здароўя

Nashaniva.com