Іран за паўгода адправіў у Расію каля 300 тысяч артылерыйскіх снарадаў і мільён патронаў — WSJ
Узбраенне пастаўляецца расійскімі караблямі праз Каспійскае мора.
25.04.2023 / 11:52
За апошнія паўгода Іран адправіў у Расію каля 300 тысяч артылерыйскіх снарадаў і мільён патронаў, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на ўласныя крыніцы на Блізкім Усходзе.
Паводле звестак выдання, узбраенне пастаўляецца расійскімі караблямі праз Каспійскае мора. Апошняя партыя, пра якую стала вядома журналістам, адправілася з Ірана на пачатку сакавіка 2023 года. Са слоў крыніц газеты вядома, што тады на борце расійскага грузавога судна «Расул Гамзатаў» знаходзілася блізу дзвюх тысяч артылерыйскіх снарадаў.
Газета адзначае, што пасля разгрузкі ў порце Астрахані судна вярнулася ў Іран, пасля чаго зноў адправілася ў Расію ў канцы сакавіка.
Раней пра іранскія пастаўкі боепрыпасаў у Расію паведамляў тэлеканал Sky News. Паводле яго звестак, у студзені 2023 года з іранскага порта ў РФ адправіліся грузавыя караблі «Муса Джаліль» і «Бегей», на борце якіх знаходзіліся блізу 200 транспартных кантэйнераў са зброяй. Гэтая пастаўка ўключала 100 мільёнаў патронаў, каля 300 тысяч снарадаў, у тым ліку для ракетных і артылерыйскіх установак, гранатамётаў, мінамётаў і кулямётаў, а таксама каля 10 тысяч бронекамізэлек і касак. Эксперты, з якімі размаўлялі журналісты, палічылі гэтыя лічбы завышанымі.
Увосень 2022 года стала вядома, што Іран збіраецца паставіць Расіі балістычныя ракеты «Фатэх-110» і «Зульфікар». У пачатку сакавіка газета Financial Times пісала, што Расія пакуль устрымліваецца ад закупак балістычных ракет у Ірана праз боязь, што пасля гэтага ЗША пачнуць пастаўляць Украіне дальнабойныя ракеты ATACMS.