«Каля 80% шляхецкіх родаў падавалі фальшывыя дакументы». Гісторык расказаў пра фальсіфікацыйныя тэхналогіі ў часы «разбору шляхты»

Архіў у нашым уяўленні — крыніца неабвержных дакладных ведаў. Аднак сховішчы змяшчаюць і нямала фальшывак. Як дазнацца, што гістарычны дакумент, датаваны XVI стагоддзем, насамрэч стварылі ў ХІХ — прычым з канкрэтнымі карыслівымі мэтамі? Для намесніка загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Яўгена Глінскага выяўленне такіх падробак — справа тэхнікі, кажа ён у інтэрв'ю газеце «Культура».

24.04.2023 / 22:34

— Ці ёсць нейкі адказ на пытанне, калі на беларускіх землях з’явіліся першыя фальшывыя дакументы? 

— Думаю, неўзабаве пасля з’яўлення пісьменства, але пра іх не захавалася звестак. Самая старажытная падробка, звязаная з беларускімі землямі і вядомая навукоўцам, — «Скрутак Яраслава». Напрыканцы XV стагоддзя праваслаўныя іерархі падалі вялікаму князю Аляксандру дакумент, які пералічваў іх правы, нібыта нададзеныя самім Яраславам Мудрым яшчэ ў XI стагоддзі. І хоць гэта важны помнік пісьменства і юрыдычнай думкі, які сапраўды адлюстроўвае старадаўнія правы Царквы, навукоўцы лічаць, што да знакамітай асобы ён не мае ніякага дачынення. 

У нашым архіве ёсць пергамент з вельмі цікавай гісторыяй. На пачатку XVIII стагоддзя знакаміты Лаўрышаўскі манастыр спрачаўся за землі з магутнымі суседзямі — у тым ліку і Радзівіламі. Манахі сцвярджалі, нібы адзін баярын з Валыні яшчэ ў 1521 годзе падараваў спрэчны надзел манастыру, і нават паказвалі адпаведны дакумент. Аднак пры навуковым даследаванні дакументальнага помніка мы выявілі, што гэта фальсіфікат. 

— А якім чынам выявілі? 

— Каб гэты акт адпавядаў эпосе, ён быў створаны на пергаменце — пэўна, матэрыял спецыяльна вырабілі з каровінай скуры дзеля такой справы. Дакумент напісаны не на паперы, таму немагчыма правесці аналіз на вадзяныя знакі — наколькі яны адпавядаюць заяўленаму часу стварэння. Але мы заўважылі іншыя прыкметы. Па-першае, чарніла занадта яркае, па-другое, почырк не зусім характэрны для таго часу. Трэба адзначыць, імітатар быў бліскучы, але пэўныя агрэхі ён усё ж дапусціў. І па-трэцяе, гэты акт не згадваецца ў больш раннім пераліку манастырскіх дакументаў, які нам даступны, — з’явіўся раптоўна і з ніадкуль, прычым менавіта ў самы патрэбны момант. 

— Ці заўсёды фальсіфікацыя была дапасаваная да прагматычных патрэбаў? Або нехта займаўся ёй і «дзеля мастацтва»? 

— У абсалютнай большасці выпадкаў усё вельмі прагматычна — прынамсі, калі гаварыць пра зборы нашага архіва. Дакументаў, якія б падрабляліся дзеля прэстыжу, — скажам, каб давесці, што твой продак з ліку рымскіх патрыцыяў, — у нас куды менш. Літаратурных або мастацкіх фальшывак пакуль не выяўлена. Звычайна мэты былі досыць прыземленыя — пацвердзіць нейкія маёмасныя правы або даказаць дваранскае паходжанне. 

— Аднак шляхецтва — гэта ж таксама фактар прэстыжу… 

— Не толькі — прынамсі, у ХІХ стагоддзі. Шляхту, якая не праходзіла разбор, распачаты ў 1831 годзе царскай уладай, пераводзілі ў саслоўі аднадворцаў або нават сялян. Гэта азначала не толькі большыя падаткі і меншыя правы, але таксама і рэкруцкі набор. Да ўсяго недваранін не мог валодаць маёнткамі, нават калі яны ў яго былі. Нічога не заставалася, як найхутчэй прадаць уладанні, бо і адабраць маглі. І таму асноўны масіў падробак мы знаходзім у справах, якія тычацца разбору шляхты. У тую пару фальсіфікацыя дакументаў на нашых землях набыла папраўдзе «прамысловы» маштаб. 

— Але чаму нельга было давесці прыналежнасць да дваранства сумленна? Мабыць, таму, што дакументы некалі згарэлі? 

— У большасці выпадкаў патрэбных для гэтага дакументаў проста не існавала ў прыродзе. У Расійскай імперыі былі даволі строгія крытэрыі прыналежнасці да дваранскага саслоўя. Скажам, чалавек мусіў мець свой маёнтак — тут адразу ўяўляецца вядомы з рускай класікі пан з безліччу прыгонных. Але абсалютная большасць нашых шляхцічаў — па некаторых падліках, ажно 80—90 % — гэта людзі зусім не багатыя. Яны часта не тое што прыгонных, але нават і ўласнай зямлі не мелі ды арандавалі яе ў магнатаў. А таму правілам расійскага дваранства не адпавядалі. 

Аднак у законе быў адзін прагал. Ты мог прэтэндаваць на дваранства, калі твае продкі валодалі маёнткам хаця б на працягу трох пакаленняў. Заставалася толькі дакументальна гэта пацвердзіць. І тут свае паслугі прапаноўвалі спецыяльна навучаныя людзі — зразумела, зусім не задарма. Адмыслоўцы былі гатовыя забяспечыць старымі дакументамі (датаванымі часам ажно XV стагоддзем) нават тых, чые бедныя роды нічым насамрэч не валодалі. 

— Наколькі гэтая з’ява была распаўсюджана геаграфічна? 

— Хадзіла пагалоска, што Мінск — сталіца фальсіфікатараў. Але ж свае майстры падробак працавалі бадай у кожным губернскім горадзе і нават у некаторых павятовых. Сярод лідараў — Ліда і Слуцк. Што цікава, часта гэта былі самі супрацоўнікі дваранскага сходу, у чые абавязкі ўваходзіла правяраць дакументы на разбор шляхты. 

Скажам, у Мінску сакратаром сходу быў Міхал Гаўсман. Паводле паходжання, мабыць, немец — але дакладна сказаць немагчыма, бо свой радавод Міхал таксама сфальсіфікаваў ушчэнт. Тое, дарэчы, здаралася досыць часта — на вялікі жаль для цяперашніх даследчыкаў. Шчыраваў Гаўсман на гэтай ніве амаль чвэрць стагоддзя, і ніхто яго не змог выкрыць. Прычым шчыраваў настолькі паспяхова, што пабудаваў сабе прыгожую камяніцу ў самым цэнтры Мінска — у раёне цяперашняга Купалаўскага тэатра. 

— Адпаведна, карупцыя тады квітнела? 

— Так, рука руку мые. На мясцовым узроўні ўсе ведалі, што дакументы фальшывыя, але іх прымалі. Праўда, бывалі і выключэнні. Скажам, супрацоўнік Мінскага дваранскага сходу Юрый Кабылінскі аднойчы напісаў цэлую тлумачальную, у якой выкрывалася падробка актаў, пададзеных на разгляд незаможным родам Карбоўскіх. Аналіз выглядае вельмі аргументавана, ды паўстае пытанне: чаму ж пільны службоўца гэты дакумент забракаваў, а многія іншыя прапусціў — хаця яны былі такія самыя? Не будзем нагаворваць, але… ёсць версія, што з чыноўнікам проста не падзяліліся. Ну, або настрой у яго ў той дзень быў дрэнны.

Дарэчы, аўтарам згаданай фальшыўкі быў Дамінік Цяльшэўскі са Слуцка — асоба без перабольшвання легендарная. Спярша адмысловец падрабляў дакументы сялянам, каб яны маглі атрымаць волю, потым стаў абслугоўваць і шляхту. Пры гэтым дапускаў тыповую памылку фальсіфікатара — нагрувашчваў дакументы рэаліямі: згадкамі пра войны ды розныя іншыя падзеі, пра канкрэтных гістарычных асоб… 

— Можа, у яго проста быў літаратурны талент? 

— У гэтым сумнявацца не выпадае. Але ён не разумеў, што ў дадзенай справе — чым прасцей, тым лепш. Іначай ты не ўнікнеш памылак ды будзеш выкрыты. Скажам, Цяльшэўскі фальсіфікаваў рашэнне Трыбунала ВКЛ, які адбыўся ў Навагрудку, не ведаючы, што ў той год суд збіраўся на пасяджэнні ў іншым горадзе — Вільні. 

Трапляюцца ў адмыслоўца і вельмі кранальныя агрэхі. У сваім ХІХ стагоддзі Дамінік ужо слабавата арыентаваўся ў пісьмовай старабеларускай мове. Затое, жывучы ў Слуцкім павеце, пастаянна чуў гутарковую. Адсюль вельмі характэрная памылка: напісаў «у Вялікім князьстве», праз «я». А даўней жа пісьмовая мова не ведала фанетычнага прынцыпу, таму трэба было ў «Великом». Можна сказаць, што ён у першай трэці ХІХ стагоддзя адным з першых адлюстраваў яканне на пісьме. 

Цяльшэўскага неаднаразова абвінавачвалі ў падробках, але ён штораз выходзіў сухім з вады. Ды аднойчы яго ўсё ж злавілі, бадай выпадкова. Затрымалі за валоданне зброяй, а пры ператрусе знайшлі клішэ для пячатак і старую паперу. Дамінік выкручваўся як мог: маўляў, я проста калекцыянер. Але следчую камісію пераканаць не ўдалося. Цяльшэўскага пазбавілі дваранства ды саслалі ў аддаленыя губерні. Яго жонка страціла розум, а паплечнік, які не паспеў даказаць сваё дваранства, пайшоў у рэкруты. 

Многія роды пацярпелі праз тое, што падалі зашмат дакументаў, якія было лёгка праверыць. Але людзі вучыліся на памылках, і наступнікі ўжо надта не распісваліся. Для зацвярджэння ў дваранстве было дастаткова трох дакументаў. Адзін сведчыць пра тое, што твой продак купіў маёнтак, другі — пра перадачу ўладанняў у спадчыну сыну, і ўрэшце — акт продажу, падпісаны ўнукам. Гэта даказвае, што маёнткам валодалі тры пакаленні роду. Галоўнае, каб было менш дэталяў, за якія можна зачапіцца. 

— Але ж трэба было ўмець падрабіць почырк і саму старадаўнюю паперу. Як вырашаўся тэхнічны бок справы? 

— Найпрасцейшы варыянт — выкарыстаць чыстыя аркушы, што засталіся ў старых судовых кнігах. Лісты можна асцярожна вырваць, напісаць тое, што трэба, ды потым уклеіць. Існавалі таксама метады састарвання паперы — для гэтага дастаткова было патрымаць яе над агнём. Часам падыходзілі больш грунтоўна ды змывалі старое чарніла, каб напісаць новы тэкст паверх. 

Што да почырку… Былі вялікія майстры, якія літаральна набілі на такіх падробках руку. Сучасны навуковец зразумее, што гэта імітацыя, але непрафесіянал ніколі не выявіць фальшыўку. Сярод тых, хто фальсіфікаваў дакументы, былі несумненныя таленты каліграфіі. Ад іх патрабавалася шмат умення, практыкі, смеласці — бо пакаранне чакала суровае. 

— Аднак пасля губернскага сходу дакументы павінна была зацвярджаць куды больш непрадузятая і прафесійная камісія ў Санкт-Пецярбургу. Няўжо і там не маглі выявіць фальшыўкі? 

— Супрацоўнікі Герольдыі мала разбіраліся ў тутэйшых рэаліях — фаміліях, маёнтках, пасадах. У Пецярбург трапляў цэлы вал папер з усёй імперыі, таму правяралі зазвычай даволі фармальна. Зразумела, дакумент маглі завярнуць, калі з яго вынікала, што сын нарадзіўся раней за бацьку — а такія ляпы фальсіфікатары дапускалі. Скажам, у адной падробцы, датаванай 1690 годам, згадваюць вядомага мемуарыста Марціна Матушэвіча, хаця ён з’явіўся на свет толькі праз 25 гадоў. То-бок атрымалася часавая рассінхранізацыя на пару пакаленняў… 

Але ў цэлым у Герольдыі надта не прыдзіраліся. Хаця бывалі і цікавыя выключэнні. Наш зямляк Францішак Малеўскі адважыўся ўсумніцца ў графскім тытуле саміх Тышкевічаў — а яны таксама павінны былі праходзіць працэдуру разбору. Колішні філамат выявіў, што прывілей Жыгімонта ІІ Аўгуста, які нібыта надаў гэты тытул Тышкевічам яшчэ ў XVI стагоддзі, у метрыцы ВКЛ адсутнічае. Значыць, ёсць падставы меркаваць, што дакумент несапраўдны! Канешне, графаў тое вельмі… уразіла. Яны выкарысталі свой магутны ўплыў, іх дакументы зацвердзілі, але асадак застаўся. Дарэчы, ужо ў ХХ стагоддзі польскі гісторык Пётр Васілеўскі таксама прыйшоў да высновы, што гэты прывілей Тышкевічы, хутчэй за ўсё, выдалі сабе самі. 

— У біяграфіі нашага класіка Дуніна-Марцінкевіча, які і сам з’яўляўся знаным фальсіфікатарам, ёсць кур’ёзны выпадак: для пацвярджэння дваранства пісьменніка ў Герольдыі запыталі нейкі каралеўскі прывілей пазамінулага стагоддзя. І што б вы думалі — дакумент тут жа быў дасланы: маўляў, выпадкова пад лавай знайшоўся… Нічога, паверылі. 

— О, гэта звыклая для тых часоў справа! Тлумачылі цудоўныя знаходкі проста: разабралі мы тут днямі архіў памерлага дзядзькі — і вось ён, патрэбны дакумент, пра які яшчэ ўчора ніхто не здагадваўся. 

Пра Дуніна-Марцінкевіча мы добра ведаем таму, што гэта знакавая постаць для беларускай культуры. Але ж яго выпадак нічым на агульным тле не вылучаецца. Паводле прыблізных падлікаў, каля 80% шляхецкіх родаў падавалі фальшывыя дакументы. Гэта, дарэчы, тычыцца і сваякоў яшчэ аднаго нашага класіка — Луцэвічаў. Як вядома, галіна, да якой належаў сам Янка Купала, дваранства не даказала. А вось іншыя лініі роду неяк далі рады.

Наогул, гэта карпатлівая, але вельмі цікавая праца, падобная да дэтэктыўнага расследавання.

Зноў-такі, трэба разумець, што яны былі несумненнай шляхтай — прынамсі, для шляхецкай супольнасці нашых зямель. Фальшывыя паперы спатрэбіліся толькі каб пераадолець неадпаведнасць існых дакументаў расійскаму заканадаўству. Хаця бывала, канешне, што ў дваранства імкнуліся прасачыцца хвацкія сяляне або мяшчане. 

— А калі ўрэшце выявілася, што такі вялізны масіў дакументаў — несапраўдны? 

— Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя вядомы гісторык Іван Спрогіс працаваў са старымі судовымі кнігамі ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў. Менавіта з такіх кніг часцяком вырывалі сапраўдныя аркушы, уклейваючы падробленыя. Спрогіс вызначаў тыя дакументы, што былі, на яго думку, сумнеўнымі. Тады падобная праца з’яўлялася не проста інтэлектуальным высілкам — дваранскі статус яшчэ меў рэальную вагу. Трэба прызнаць, што гісторык знайшоў далёка не ўсё. Скажам, вось гэты дакумент (паказвае) таксама фальшывы, можна не сумнявацца. 

— А чаму? Як вам удалося вызначыць? 

— У дадзеным выпадку тое не так і проста. Трэба ведаць і пазнаваць почыркі фальсіфікатараў. Падобных адмыслоўцаў не надта шмат, і канкрэтна гэты мне ўжо знаёмы. Майстар, імя якога мы, на жаль, не ведаем, працаваў у свой час вельмі плённа. Яшчэ можна вызначыць падробку па нумарацыі, якая ў такіх кнігах была скразная. Калі нумар зроблены іншым чарнілам, гэта выклікае падазрэнні.

Да ўсяго, калі дакумент уклеены пазней, гэта добра відаць. Плюс колер паперы, афармленне… А самы просты варыянт праверкі — па подпісах. Вось, напрыклад, сапраўдны аўтограф Юзафа Валадковіча — рука ў шляхціца ўпэўненая. А вось тут ён нібы распісваўся пасля добрай гулянкі. Пільны бацька, які ўмее выкрываць перапраўленыя адзнакі ў дзённіку свайго вісуса, адразу бы заўважыў падвох. 

Наогул, гэта карпатлівая, але вельмі цікавая праца, падобная да дэтэктыўнага расследавання. Крытэрыі трэба ўлічваць самыя розныя — і знешні выгляд дакумента, і рэаліі, якія ў паперы згадваюцца. Скажам, усплываюць тыя асобы, якія ў гэты час не жылі або не займалі «нададзеныя» ім пасады. Тое можна вызначыць дзякуючы сінхронным дакументам. Нават Марцінкевіч сцвярджаў, што яго род некалі валодаў маёнткамі ў Слонімскім павеце, але ж у спісе тамтэйшых землеўладальнікаў такое прозвішча адсутнічае. 

Або зірніце на гэты тастамент Лукаша Задоры-Цішкевіча, дзе шляхціц нібыта пакідае нашчадкам маёнтак з прыгоннымі сялянамі — хоць у рэальнасці тыя Цішкевічы ніколі сваёй зямлі не мелі: прынамсі з XVI ст. яны былі арандатарамі Радзівілаў. Не мелі Цішкевічы і гербавы прыдомак Задора. Усё гэта мы ведаем дзякуючы іншым, больш надзейным крыніцам — тым жа інвентарам Радзівілаў. 

— Цяпер паходзіць са шляхецкага роду зноў стала прэстыжна, таму многія «раскопваюць» у архівах свае карані. Можа, і сучасныя падробкі ўжо з’явіліся? 

— Цяпер з гэтым куды складаней: дзе ж той пергамент знойдзеш, ды і зрабіць уклейку ў судовую кнігу нашы супрацоўнікі не дазволяць. Але ёсць іншая праблема — няправільная інтэрпрэтацыя архіўных звестак. Калі тваё прозвішча супадае з гучным шляхецкім, гэта яшчэ зусім не значыць, што ты належыш да знакамітага роду. Бываюць жа і звычайныя супадзенні. Прозвішчы Сапега або Агінскі маглі мець не толькі паны, але і простыя людзі. Або Глінскі… Усе мае продкі — чыстакроўныя сяляне з-пад Узды, і да вядомай княскай фаміліі яны ніякага дачынення не маюць. 

Дарэчы, многія асобы, якія цікавяцца генеалогіяй, сёння прымаюць за чыстую манету і тыя самыя фальшывыя дакументы ХІХ стагоддзя — асабліва калі паперы непасрэдна тычацца роду шукальніка і даюць падставы для гонару. Досыць цяжка пераканаць такіх людзей, што на самай справе гэта плён фантазіі нашых продкаў. 

Nashaniva.com