Сабакі і каты могуць аберагаць ад алергій. Але жыццё за горадам можа быць яшчэ важнейшым
Яшчэ ў 1989 годзе выказалі гіпотэзу, што рост колькасці алергій, які назіраўся ў развітых краінах цягам ХХ стагоддзя, мог быць звязаны з урбанізацыяй. У выніку дзеці перасталі расці ў кантакце са свойскімі жывёламі і інфекцыямі.
25.04.2023 / 19:37
Калі дзеці растуць за горадам, яны з маленства сутыкаюцца з фактарамі, якія могуць стымуляваць і ўзмацняць імунную сістэму
Гіпотэза гэтая, аднак, магла спрыяць памылковаму перакананню, што чысціня не абавязкова прыносіць карысць здароўю. У рэчаіснасці ж усё трохі па-іншаму: гігіена звычайна датычыць мікробаў, якія выклікаюць інфекцыю; а мікробы, якія могуць прынесці карысць, відавочна адрозніваюцца ад шкодных.
The Economist расказвае пра японскае даследаванне сувязі навакольнага асяроддзя і дзіцячага здароўя, у якім даследчыкі адсочвалі больш за 100 000 цяжарнасцяў у перыяд з 2011 па 2014 год. Яны шукалі ўзаемасувязь паміж жыццём у кантакце са свойскімі жывёламі да і адразу пасля нараджэння дзіцяці і любой харчовай алергіяй, дыягнаставанай ў першыя тры гады жыцця дзіцяці.
22% з прыкладна 66 000 паддоследных дзяцей нарадзіліся ў сем'ях з хатнімі жывёламі і, такім чынам, падвяргаліся ўздзеянню мікробаў і іншых патэнцыйных алергенаў ад гэтых жывёл як да, так і пасля нараджэння. Даследчыкі выявілі, што ў дзяцей у сем'ях з сабакамі колькасць алергій на яйкі, малако і арэхі ніжэйшая за сярэдні паказчык. А дзеткі, якія раслі з катамі, былі больш талерантнымі да яек, пшаніцы і соі.
А вось дзеці, чые бацькі трымалі чарапах (вадзяныя чарапахі — папулярныя хатнія жывёлы ў Японіі), не прадэманстравалі ўвогуле ніякай карэляцыі: верагодна, узаемадзеянне з чарапахамі не ўплывала на ўспрымальнасць да алергенаў. Пры гэтым, што цікава, у тых, хто жыў разам з хамякамі, частотнасць алергіі на арэхі была большай, чым у сярэднім.
Што менавіта ўсё гэта азначае, незразумела. Але адно патэнцыйна важнае назіранне палягае ў тым, што для выяўлення назіраных эфектаў неабходна было ўздзеянне як да, так і пасля родаў. Асобна адзін ад другога гэтыя фактары не паказвалі ўзаемасувязі з алергіяй. Магчыма, вырашальным фактарам становіцца сам час нараджэння, бо лічыцца, што менавіта ў гэты час фарміруецца асноўная частка кішэчнай флоры дзіцяці.
Пры гэтым варта звярнуць увагу на магчымыя дадатковыя аспекты, якія маглі паўплываць на вынікі даследавання. Самі даследчыкі адзначаюць, што ўласнікі свойскіх жывёл часцей жывуць ва ўласных дамах, за горадам, а гэта значыць, з іншымі магчымымі фактарамі, якія могуць стымуляваць і ўзмацняць імунную сістэму. І іншае: сем'і, дзе ёсць людзі, схільныя да алергіі, натуральна, радзей трымаюць катоў і сабак. Такім чынам, не толькі прысутнасць жывёл-кампаньёнаў, але і гэтыя дадатковыя фактары могуць растлумачыць прынамсі частку эфекту. Каб пацвердзіць ці абвергнуць сувязь паміж устойлівасцю дзіцяці да алергенаў і наяўнасцю чатырохлапых сяброў, спатрэбяцца дадатковыя даследаванні.
Чытайце таксама:
Дзеці вельмі любяць гразь. І гэта звышкарысна для іх імунітэту