Па просьбе ЗША Украіна адмяніла «юбілейныя» атакі на Расію — Washington Post
Украінская разведка планавала масавыя ўдары па Маскве ў гадавіну поўнамаштабнага ўварвання 24 лютага, але адмовілася ад гэтага па просьбе ЗША.
24.04.2023 / 14:10
Ілюстрацыйны здымак
Як паведамляе амерыканскае выданне The Washington Post, гэта гаворыцца ў сакрэтным дакладзе Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША, які трапіў у сеціва. Паведамляецца, што ва Украіне нават разважалі аб марскім удары з выкарыстаннем трацілу па чарнаморскім партовым горадзе Новарасійск.
«Кіраўнік ваеннай разведкі Украіны Кірыл Буданаў планаваў смелыя ўдары ў глыбокім тыле ворага, што выклікала турботу афіцыйных асоб у Вашынгтоне. У лютым, калі да першай гадавіны ўварвання Расіі ва Украіну заставаліся лічаныя дні, афіцыйныя асобы ў Кіеве былі занятыя распрацоўкай планаў нападу на Маскву. Генерал-маёр Кірыл Буданаў даручыў аднаму са сваіх афіцэраў «падрыхтавацца да масавых удараў 24 лютага… усім, што ёсць у распараджэнні ГУР», — гаворыцца ў матэрыяле.
Чыноўнікі ў Вашынгтоне таемна назіралі за планамі ўкраінцаў, а ў Белым доме баяліся, што атакі ўнутры Расіі могуць справакаваць агрэсіўны адказ Крамля.
22 лютага, за два дні да гадавіны ўварвання, ЦРУ распаўсюдзіла новы сакрэтны даклад: ГУР «па просьбе Вашынгтона пагадзіўся адкласці ўдары» па Маскве.
Гэтыя звесткі сталі часткай масіву сакрэтнай інфармацыі, якая прасачылася ў сеціва нядаўна, але з яе незразумела, хто менавіта ўмяшаўся і чаму ўкраінцы пагадзіліся адступіць.