Нунцый Антэ Ёзіч неўзабаве пасвяціць новы касцёл у Новай Баравой
20 мая ў сталічным мікрараёне Новая Баравая адбудзецца пасвячэнне новапабудаванага касцёла святога Францішка, а таксама алтара святыні. Узначаліць цэлебрацыю Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, паведамляе Catholic.by.
21.04.2023 / 22:15
Узвядзенне святыні ў парафіі святога Францішка ў Новай Баравой — сталічным мікрараёне, што ўзнік у ваколіцах даўняй вёскі Копішча, дзе нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, распачалося ў 2014 годзе, калі быў закладзены першы кутні камень святыні.
4 кастрычніка 2020 года над новазбудаваным касцёлам узняліся крыжы, якія благаславіў біскуп Юрый Касабуцкі, а пад новы, 2023 год, у святыні быў усталяваны новы арган.
Урачыстасць пасвячэння касцёла і алтара будзе суправаджацца святочнай праграмай на працягу цэлага дня. Напачатку адбудзецца канцэрт дзіцячых калектываў, пазней — гала-канцэрт з удзелам парафіяльнага хору Transitus, арганіста Юрыя Габруся, а таксама музычнага народнага ансамбля «Росквіт» і Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь.
Завершыцца святочны дзень канцэртам для моладзі з удзелам маладых талентаў, гурта праслаўлення Verbum Dei і гурта традыцыйнай беларускай музыкі PAWA.
Чытайце таксама:
Кафедральны касцёл у Мінску запусціў пастаянную трансляцыю набажэнстваў на Youtube
З тэрыторыі колішняга мінскага касцёла Святога Тамаша Аквінскага знікла ахоўная шыльда
Улады разарвалі бясплатныя дамовы арэнды з чатырма касцёламі — праваабаронцы