Без зменаў. Адбылася апеляцыя па справе «Вясны»

У Мінскім гарадскім судзе 21 красавіка адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе «Вясны» суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка. Паводле гэтага прысуду, тром палітзняволеным праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. 

21.04.2023 / 14:32

Фота: sb.by

Пракурор прынёс пратэст, а палітзняволеныя праваабаронцы абскардзілі прысуд. Суд па іх разглядзе прызначылі менш, чым за два месяцы, паведамляе «Вясна». 

На судзе стала вядома, што Кароль прасіў змяніць прысуд у частцы прызначэння тэрміну толькі Уладзіміру Лабковічу. На яго думку, прызначэнне Лабковічу пакарання ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса ёсць няслушным, бо па ім можа быць прызначана пакаранне ад 7 да 12 гадоў. Пракурор настойваў, што суд не выявіў прычын для прызначэння Лабковічу тэрміну ніжэй ніжняй мяжы, прадугледжанага Крымінальным кодэксам. Таму Кароль у сваім пратэсце мяркуе неабходным прызначыць Лабковічу пакаранне паводле часткі 4 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса у выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі. Выніковы тэрмін Уладзіміру Лабковічу, на думку дзяржабвінаваўцы, павінны застацца ранейшым — сем гадоў пазбаўлення волі. Судовая калегія з ім пагадзілася і задаволіла пратэст.

Алеляцыйныя скаргі «вясноўцаў» і іх абаронцаў пакінуты без задавальнення.

21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў набыў моц — хутка іх этапуюць у калоніі. У дачыненні да Дзмітрыя Салаўёва, якога асудзілі да 8 гадоў завочна, прысуд уступіў у сілу 3 сакавіка, бо ён не падаваў апеляцыйную скаргу.

Чытайце таксама:

10 гадoў. Вынесены прысуд нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму

Што цяпер з Нобелеўскай прэміяй Алеся Бяляцкага?

«Было 17 варыянтаў нобелеўскай лекцыі». Вялікае інтэрв'ю Наталлі Пінчук аб прэміі і каханні

«Дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе». Нобелеўская прамова Алеся Бяляцкага

Nashaniva.com