У ліпені ў Вільні пройдзе саміт НАТА. Жыхароў горада чакаюць абмежаванні

Доўгі час пра падрабязнасці падрыхтоўкі да саміта НАТА ў Вільні, што пройдзе 11-12 ліпеня, не казалі. Цяпер сталі вядомыя некаторыя нюансы: жыхары не змогуць трапіць у Стары горад, будуць зачыненыя і іншыя тэрыторыі ў горадзе, паведамляе Delfi.lt

21.04.2023 / 13:11

Раней МЗС Літвы рэкамендавала жыхарам пакінуць горад на час саміта. Пасля гэтага пра дэталі доўгі час не паведамлялася. Нарэшце муніцыпалітэт падзяліўся некаторымі планамі. «Падрабязная інфармацыя аб абмежаванні руху з'явіцца пазней, па меры набліжэння мерапрыемства. Але ўжо цяпер вядома, што падчас саміта НАТА будзе абмежавана перамяшчэнне ўсіх удзельнікаў руху па Старым горадзе, у межах выставачнага цэнтра Litexpo, на тэрыторыі аэрапорта, у асобных месцах Наўямесціса», — паведамляе муніцыпалітэт.

Праўда, кіроўцы са спецыяльнымі дазволамі ў гэтыя месцы змогуць праехаць. Больш падрабязнасцяў стане вядома пазней. Н

Таксама 11-12 ліпеня ў радыусе 30 км ад Litexpo будуць забароненыя ўсе палёты. Забарона будзе дзейнічаць з 12 гадзін 11 ліпеня да 14 гадзін 12 ліпеня. Акрамя таго, у ліпені падчас саміта абмяжуюць правядзенне планавых паслуг у бальніцах.

Саміт НАТА ў Літве правядуць упершыню. Гэта будзе найбуйнейшае мерапрыемства ў гісторыі Літвы, чакаюць 40-50 замежных дэлегацый (да 3000 гасцей) і 2000 прадстаўнікоў няўрадавых дэлегацый і замежных СМІ.

Столтэнберг афіцыйна запрасіў Зяленскага на саміт НАТА ў Вільні

Nashaniva.com