Кубракоў адкрыў краму тавараў, створаных рабскай працай зняволеных, і пахваліўся «ўнікальнай» каністрай
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў 20 красавіка асабіста адкрыў каля вёскі Рабінаўка ў Дзяржынскім раёне шоу-рум крамы прадпрыемстваў Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП). Тавары, якія прадаюцца ў гэтай краме, створаныя працай зняволеных, у тым ліку і палітычных, якім за працу плацяць здзеклівыя капейкі.
20.04.2023 / 18:03
У гандлёвым аб'екце прадстаўленыя каля 500 найменняў тавараў: мэбля, кухні з масіву «ў стылях лофт, кантры, рустык і скандынаўскім», садовая каваная і драўляная мэбля, мангалы, альтанкі, будаўнічыя матэрыялы, гаспадарчыя тавары, медыцынскае і спецыяльнае адзенне, адзенне для палявання і рыбалкі, тэкстыль, абутак.
Сярод усіх тавараў, створаных рабскай працай зняволеных, Іван Кубракоў адзначыў 20-літровую каністру для паліва. Ён падкрэсліў, што гэта «адзіны падобны ўзор на ўсёй постсавецкай прасторы».
Кубракоў таксама расказаў, што прадпрыемствы ДВП гатовыя выпускаць і сувенірную прадукцыю:
«Усе хочуць бачыць сімволіку Беларусі. Майкі з васількамі, каласамі запатрабаваныя — шматлікія турысты гэта купляюць. Асабліва прадаецца ў Брэсцкай крэпасці, куды мы таксама завозім сувеніры».
У планах — адкрыццё падобных крам па ўсёй Беларусі.
Чытайце таксама:
«Атрымала заробак — 6,66 рубля за месяц». Якія ўмовы ў калоніях, дзе сядзяць палітвязні