На продаж у мінскай Грушаўцы выставілі вялікі катэдж — былое пасольства
Сярод шматпавярховікаў-новабудоўляў у Грушаўцы захаваўся вялікі катэдж, які, дарэчы, не прыгавораны да зносу. Раней у ім было пасольства Сербіі, а цяпер яго выставілі на продаж, піша realt.by.
20.04.2023 / 09:44
Катэдж знаходзіцца на вуліцы Разінскай, 66а. Амаль з усіх бакоў яго атачаюць шматпавярховікі.
Раней у гэтым катэджы было пасольства Сербіі, але потым яно пераехала ў раён плошчы Перамогі. Невядома, ці жыў хтосьці гэтым будынку потым, але нядаўна яго выставілі на продаж.
Ён трохпавярховы і цагляны. Яго пабудавалі ў 1995 годзе. Агульная плошча — 392 квадратныя метры.
У доме тры паверхі і яшчэ цокальны.
На першым паверсе знаходзяцца кухня і сталовая, а таксама два жылыя пакоі і санвузел.
На другім паверсе знаходзяцца тры пакоі, кладоўка і санвузел.
На трэцім паверсе — адзін вялікі жылы пакой з камінам, спальня, кладоўка і санвузел.
У падвале размяшчаецца кацельня, дзве пральні і дзве кладоўкі. Ацяпленне газавае, каналізацыя і водаправод цэнтральныя.
Участак — 8 сотак. У двары ёсць альтанка з мангалам.
Зямля знаходзіцца ў пажыццёвым спадчынным валоданні. Мэтавае прызначэнне ўчастка — для абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома.
Дарэчы, у 2013 годзе гэты дом прыгаварылі да зносу, але ў 2015-м годзе гэтае рашэнне Мінгарвыканкама адмянілі. Таму пакуль яму нічога не пагражае.
За катэдж просяць 320 тысяч даляраў.
Чытайце таксама:
Эксперт: кошт квадрату ў новабудоўлях сталіцы дасягнуў столі