Спікерка літоўскага Сейма: Мы павінны патрабаваць санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, але максімальна падтрымаць беларускі народ
Спікерка літоўскага Сейма Вікторыя Чміліце-Нільсэн выказалася пра закон аб абмежаваннях для беларусаў і расіян. Паводле яе, ён выклікаў «шмат дыскусій» у сейме, а выніковая рэдакцыя дакумента са змякчэннямі для беларусаў стала «вынікам кампрамісаў».
19.04.2023 / 23:32
Вікторыя Чміліце-Нільсэн. Фота: Delfi / Domantas Pipas
Чміліце-Нільсэн адзначыла, што ў парламенце бачаць адрозненне паміж Расіяй, якая актыўна вядзе вайну, і рэжымам у Мінску, які «не прымушае беларускі народ да актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях».
«Таму казаць пра нейкае парушэнне раўнапраўя не вельмі карэктна», — сказала кіраўніца парламента ў эфіры Радыё Žini Rad Radija.
Пры гэтым яна дадала, што падтрымка вайны сярод насельніцтва РФ высокая, а ў Беларусі «зусім іншая сітуацыя». Паводле яе слоў,
улады Літвы павінны зрабіць «усё, што ў нашых сілах, патрабуючы санкцый супраць Лукашэнкі і яго рэжыму», але ў той жа час «максімальна падтрымаць» беларускі народ у «складанай сітуацыі».
Літоўскі парламент 4 красавіка прыняў закон аб абмежавальных мерах у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі, аднак абмежаванні супраць беларусаў былі меншыя, чым супраць расіян. З гэтым не пагадзіўся прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і наклаў на прыняты закон вета. 20 красавіка плануецца пасяджэнне Сейма, на якім вета будуць спрабаваць пераадолець.
Чытайце таксама:
Літоўскі сейм прыняў некаторыя абмежаванні супраць грамадзян Беларусі і Расіі, але яны неістотныя