У Бучы на вуліцы беларускага добраахвотніка паставілі мемарыял абаронцам горада
Мемарыял да гадавіны вызвалення Бучы ад расійскіх войскаў усталяваны на вуліцы, у назве якой увекавечанае імя ваяра-каліноўца Іллі «Літвіна» Хрэнава. Ён загінуў, баронячы гэты заходні прыгарад Кіева.
19.04.2023 / 19:38
Мемарыял абаронцам у Бучы. Фота: unian.net
Назваць вуліцу імем беларускага добраахвотніка, на якой ён загінуў, пастанавіла гарадская рада Бучы 12 красавіка, а пра ўстаноўку мемарыяла 19 красавіка паведаміў «Нашай Ніве» сакратар Рады Тарас Шапраўскі.
«Да новага мемарыяла прылягае вуліца Літвіна», — патлумачыў ён і суправадзіў свой каментар малюнкам.
Размяшчэнне вуліцы Іллі «Літвіна» Хрэніна (чырвоным) і мемарыяла (зялёным). Фота Тараса Шапраўскага
Раней Бучынская рада пасмяротна ўзнагародзіла ваяра-каліноўца медалём «Захисник Батьківщини».
Летась у верасні гарадская рада Бучы ўзнагародзіла некалькіх ваяроў Палка Каліноўскага медалём «За абарону Бучы» — Дзяніса «Кіта», Аляксея «Псіхолага» і, пасмяротна, Іллю «Літвіна».
Ілля «Літвін» Хрэнаў. Фота: сацыяльныя сеткі
Ілля «Літвін» Хрэнаў абараняў незалежнасць Украіны ў 2014 годзе, а ў 2022-м вярнуўся на фронт. Ëн загінуў пад Бучай 4 сакавіка 2022 года.
Бучу ўкраінскія войскі адваявалі 31 сакавіка 2022 года. Пад акупацыяй горад знаходзіўся ад 27 лютага 2022-га.
Па вызваленні ў ім былі знойдзеныя шматлікія трупы жыхароў з прыкметамі катаванняў. У 90% загінулых выяўленыя кулявыя, а не аскепкавыя раненні.
Глядзіце таксама:
«Расейцы, як у Другую сусветную, трупамі ваююць». Дзяніс Урбановіч зноў едзе на фронт
«Калі выносілі параненых, прыляцеў другі снарад». Гісторыя каліноўца, які страціў нагу на вайне