Стаўкі па валютных дэпазітах у беларускіх банках рэзка змяніліся проці мінулага года

На сёння рублёвыя дэпазіты сталі больш выгадныя за валютныя.

20.04.2023 / 08:11

Стаўкі па ўкладах знізіліся ў некалькі разоў

Летась працэнтныя стаўкі па ўкладах маглі прыемна здзівіць укладчыкаў. 

Напрыклад, у жніўні мінулага года нават кароткатэрміновы (3 месяцы) безадзыўны уклад у далярах ад Беларусбанка меў стаўку ў 5% гадавых. Доўгатэрміновыя ўклады ў валюце былі і пад 7%.

Скрыншот з сайта belarusbank.by ад 11.08.2022

Цяпер Беларусбанк гатовы браць даляры на тры месяцы пад 0,2% гадавых. Максімум, які прапануе Беларусбанк па ўкладах у далярах, — гэта 2,9%, калі разглядаць безадзыўныя ўклады тэрмінам на 3-5 год. Падобныя стаўкі і ў іншых банках краіны.

Скрыншот з сайта belarusbank.by ад 10.04.2023

Працэнты па ўкладах у беларускіх рублях складаюць каля 12—13%, калі разглядаць безадзыўныя ўклады тэрмінам ад года. Летась стаўкі па ўкладах у рублях дасягалі 21,5—26,5% гадавых.

«У мінулым годзе стаўкі былі значна вышэйшыя, паколькі банкі былі зацікаўлены ў прыцягненні валюты. Асабліва такая патрэба адчувалася пасля пачатку вайны, калі людзі сталі масава забіраць валюту.

Тады, каб прыпыніць адток, яны былі вымушаныя падымаць стаўкі, тым самым імкнучыся захаваць старых і прыцягнуць новых ўкладчыкаў. Калі сітуацыя нармалізавалася, яны пайшлі шляхам зніжэння ставак», — кажа экспертка BEROC Настасся Лузгіна.

Яна тлумачыць нізкую зацікаўленасць у валютных укладах з боку банкаў, у тым ліку тым, што ў Беларусі даволі высокія працэнтныя патрабаванні па адлічэнні ў фонд абавязковых рэзерваў Нацыянальнага банка (ФАР).

«Цяпер гэта 16%, то-бок банк, які прыняў грошы ад ўкладчыка, абавязаны 16% ад сумы перавесці ў гэты фонд. Гэта тая сума, якая па факце не працуе і не прыносіць прыбытку банку», — адзначае Лузгіна.

Усё дзеля дэдалярызацыі

Паводле слоў эканамісткі, высокія стаўкі па адлічэнні ў абавязковы рэзервовы фонд рэгулятар уводзіць з мэтай дэдалярызаваць эканоміку.

«Калі ў замежнай валюце гэта 16 працэнтаў, то ў нацыянальнай — усяго 4. У Расіі таксама нядаўна пайшлі шляхам павышэння стаўкі па валютных укладах у ФАР з 5 да 7%», — адзначае экспертка.

Цяперашнія стаўкі па валютных укладах настолькі малыя, што не пакрываюць ўзровень даляравай інфляцыі.

«На іх фоне ўклады ў беларускіх рублях выглядаюць больш прывабна, бо працэнты па іх перавышаюць узровень інфляцыі.

Але пры гэтым яны застаюцца менш прадказальным фінансавым інструментам з прычыны больш высокай валацільнасць курсу беларускага рубля ў параўнанні з курсам таго ж даляра. Апошні год яшчэ раз пацвердзіў, што ва ўмовах ўзрастаючых эканамічных дысбалансаў інфляцыя ў Беларусі досыць хутка разганяецца, што досыць хутка можа з'ядаць даход ад зберажэнняў».

Тым не менш, экспертка адзначае, што на банкаўскія ўклады трэба глядзець, як на інструмент зберажэння, а не як на спосаб атрымліваць інвестыцыйны даход

Чытайце таксама: 

Мабільным аператарам дадуць права выдаваць пазыкі

Ці варта цяпер разглядаць куплю нерухомасці як добрую інвестыцыю і сродак зберажэння накапленняў?

Nashaniva.com