Па-нямецку выйшла кніга, прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай»

У берлінскім выдавецтве Edition Fototapeta выйшла ў перакладзе на нямецкую мову кніга пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.». Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку сам аўтар.

18.04.2023 / 16:33

«Мая другая афіцыйна прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкай кніга цяпер мае нямецкае ўвасабленне. Праца над ёй была неймаверна цікавай і незвычайнай і шмат дала нам усім — спачатку я зрабіў пераклад на маю вельмі недасканалую, але нахабную нямецкую, а затым Андрэас Ростэк здзейсніў сапраўднае перастварэнне тэксту на прыгожы літаратурны Deutsch. Гэта была фантастычна займальная моўная і перакладніцкая прыгода. Дзякуй, Андрэас!» — напісаў Альгерд Бахарэвіч.

Праз дзесяць дзён прэзентацыя кнігі пройдзе на Лейпцыгскім кніжным кірмашы. Замовіць нямецкі пераклад можна на сайце выдавецтва.

У сакавіку 2023 года арыгінал кнігі на беларускай мове быў прызнаны лукашыстамі «экстрэмісцкім». 

Nashaniva.com