«Іншы свет. У чымсьці больш прагрэсіўны за наш». Беларусы пажылі ў Аргенціне і расказалі, у чым яе плюсы і мінусы
Сям'я мінчукоў са сферы IT, як і многія, пераехала ў ЕС, а калі праца стала аддаленай, то набыла квіткі ў Буэнас-Айрэс і паляцела ў Аргенціну на зімоўку. Гэты аповед не пра ІТ, але пра асаблівы погляд беларусаў на краіну, якая раптам стала папулярнай, эмацыйныя арэлі ЧС-2022 (беларусы там заспелі фінал), зазямленне ў патагонскай глухмені, бачны эканамічны крызіс і альтэрнатыўную манеру пакутаваць, піша Dev.by.
15.04.2023 / 22:07
Першы раз мы былі ў Аргенціне дзесяць гадоў таму, яшчэ да нараджэння дзіцяці. У 2016 годзе было другое падарожжа, ужо па розных краінах Паўднёвай Амерыкі, пры гэтым у нас застаўся выразны запыт на вяртанне менавіта ў Аргенціну. Але ўсё не атрымлівалася, і вось нарэшце зраслося.
Мы правялі там амаль 3 месяцы — у Буэнас-Айрэсе, мястэчку на акіянскім узбярэжжы і ў патагонскай вёсачцы ў перадгор'і Андаў.
Хтосьці спытаўся, ці можна зразумець і адчуць Аргенціну за меншы тэрмін. Безумоўна. Там усё настолькі на паверхні, што адчуць гэта можна і за тыдзень, асабліва калі ведаеш мову.
Мы паехалі надоўга, таму што ў снежні—лютым там самае пекла і дзіцяці патрэбны быў час для адаптацыі. А яшчэ таму, што квіткі вельмі дарагія. Яшчэ год-паўтара таму з Еўропы можна было злётаць у абодва канцы за 400-500 даляраў, цяпер рэгулярныя цэны пачынаюцца ад 900 даляраў.
Пра футбол
Самым вялікім нашым шанцаваннем было трапіць у Аргенціну ў дні ЧС-2022. Спачатку мы хадзілі ў фан-зону, таму што цікава было паназіраць за рэакцыяй людзей: як яны перажывалі, грызлі пазногці, усклікалі, маліліся. Самае дзіўнае — я не ўбачыла на тварах аніякай злосці або агрэсіі. Мне здаецца, нават калі б яны прайгралі ЧС, то ўсё адно пайшлі б святкаваць і радавацца таму, што прынамсі апынуліся ў фінале.
Да гэтага мы ўжо бачылі, як глядзяць футбол у Перу — і гэта таксама было дзіўна. Яны могуць знервавацца або ўзрадавацца, але не будуць злаваць на сваю каманду за пройгрыш, таму што яны яе вельмі любяць.
Першая гульня з удзелам Аргенціны, якую мы глядзелі ў Буэнас-Айрэсе, была чвэрцьфіналам Аргенціна — Нідэрланды. Гэта быў вельмі драматычны матч, нічыя захоўвалася да самага канца, аргентынцы атрымалі перамогу па пенальці ў самую апошнюю секунду дадатковага тайма. І вось калі яны выйгралі чвэрцьфінал і вялізны натоўп ужо ішоў па вуліцах і крычаў, дудзеў, спяваў, муж сказаў, што цяпер яны дакладна перамогуць. Так ён адчуў: нездарма ж мы тут.
Да фіналу мы ўжо таксама вельмі хваляваліся і вырашылі глядзець матч з дому. Спачатку гульня ішла на карысць Аргенціны, і дзесьці на 40-й хвіліне я пайшла прыхарошвацца. Размалявала твар у колеры сцяга. А калі вярнулася, французы ўжо зраўнялі лік: 2-2.
Аказваецца, у аргентынцаў існуе вельмі шмат прымхаў наконт футбола. Так, падчас матча строга забаронена выходзіць з дому і заходзіць у іншы дом. Адна знаёмая распавядала, што яе бацька не паспеў даехаць на машыне дадому да пачатку матчу і дзве гадзіны ездзіў па вуліцах, слухаючы матч па радыё, таму што паркавацца і выходзіць з машыны таксама нельга. Я, атрымліваецца, усе прыкметы парушыла.
І зноў быў вельмі драматычны матч. Мы жылі ў шматкватэрным доме, і пасля кожнага напружанага моманту людзі выбягалі на свае балконы пакрычаць і паабдымацца. Потым яны паказвалі адзін аднаму, што яшчэ рана радавацца — разыходзімся.
За час матчу ў нас з'явілася адчуванне, што мы пасябравалі з гэтымі людзьмі. Усе ўжо звар'яцелі, каментатары галасілі — то ад напружання, то ад шчасця. Аргенціна выйграла ў апошні момант па пенальці.
Пасля перамогі мы пайшлі на вуліцу. Было 3 гадзіны дня, стаяла 40-градусная спякота, большасць заўзятараў рухаліся да абеліска. Казалі, што там сабралася каля 5 млн чалавек і яны там правялі тры дні. Мы спалохаліся цісканіны і пайшлі святкаваць лакальна.
Як выглядае лакальная ўрачыстасць? Калі ў цябе ёсць барабан або любая штука, якая гучыць, — лыжкі, таркі — то ты цэнтр вечарынкі. Ты проста становішся на рог і пачынаеш барабаніць, а вакол цябе збіраецца натоўп. Потым хтосьці прыносіць магнітафон, усе танчаць, амаль усе п'яныя. У гэтых святкаваннях зусім няма сацыяльнага падзелу. Танчыць бяздомны, побач з ім танчаць два мужчыны, на плячах якіх сядзяць дзеці. Нейкая дзяўчына падыходзіць да бяздомнага і абдымае яго. Тут жа пенсіянеры, людзі ў інвалідных вазках.
Проста дзіўна, наколькі ў аргенцінцаў адсутнічаюць абмежавальныя бар'еры. Мама з дзіцем не скажа «я не пайду святкаваць, таму што дзіцяці наступяць на нагу», пенсіянер не скажа «я не пайду, таму што стары».
А яшчэ яны максімальна талерантныя, прычым гэта выглядае вельмі натуральна.
У Еўропе, як мне здаецца, талерантнасць часам прадыктаваная пачуццём абавязку. У Лацінскай Амерыцы па-іншаму: вы хочаце ажаніцца са сваім сабакам? Ды калі ласка, гэта не наша справа.
Вядома, гэта не значыць, што тут усе роўныя. Наадварот, у Аргенціне велізарная прорва паміж багатымі і ўсімі астатнімі. У Буэнас-Айрэсе здаецца, што 99% — гэта прастанароддзе і сярэдні клас. Ёсць трушчобы, ёсць рабочыя кварталы, жыхары якіх выглядаюць змардаванымі.
Ёсць і вельмі багатыя раёны. Яны не схаваныя ад вачэй, там можна прайсці, але яны абсалютна пустыя. Такое адчуванне, людзі заязджаюць у свае дамы на машынах, каб іх не ўбачылі. Не думаю, што жыхары гэтых раёнаў пойдуць адзначаць перамогу разам з усімі.
Пра крызіс і цэны
За тыя 10 гадоў, што мы не былі ў Аргенціне, там шмат што змянілася ў горшы бок. У 2013 годзе таксама быў крызіс: перад нашым прыездам там абваліўся песа, былі пагромы, пратэсты, але мы гэтага амаль не заўважылі.
Цяпер жа крызіс кідаецца ў вочы. На вуліцах шмат ахайных людзей, якія выглядаюць так змучана, што, здаецца, ім не хапае грошай на ежу. Але ёсць і заможныя раёны, дзе жыхары па-ранейшаму ходзяць у рэстараны.
Мне здаецца, што з ежай там усё вельмі добра — вялікі грамадскі попыт на грамадскае харчаванне, высокая канкурэнцыя паміж рэстаранамі і багатая кухня, насычаная смакамі.
Лацінская Амерыка моцна пацярпела ад кавіду. У іх быў працяглы, строгі каранцін, за час якога ў іх слоўніку з'явілася слова cuareterna — «вечны каранцін» (ад ісп.: cuarentena — каранцін і eterna — вечны. — dev.by), бо лацінаамерыканцы залежаць ад вуліцы значна больш, чым еўрапейцы. Там кіпіць жыццё.
Вось і цэнтральны турыстычны раён Буэнас-Айрэса, здаецца, не перажыў каранціну. Калісьці там усё было разлічана на турыстаў — танга-шоу, сувенірныя крамы, рэстараны з завышанымі цэнамі. А цяпер там усё зачынена, вулічных гандляроў не відаць, раён поўны смецця, бамжоў, наркаманаў. У жылых раёнах бізнэс па-ранейшаму працуе.
10 гадоў таму даляр у Аргенціне каштаваў 5 песа па афіцыйным і 10 песа па чорным курсе. Калі мы прыехалі ў снежні 2022-га, чорны курс быў 300 песа за даляр, а калі з'язджалі ў лютым — 400. І гэта катастрофа. Заробкі аргентынцы атрымліваюць у песа, кожны месяц яны абясцэньваюцца на 15-20%.
Як наступства — дыспарытэт цэн. Калі лічыць па чорным курсе, вельмі таннае ўсё аргенцінскае: мяса, гародніна, віно і ежа ў рэстаранах. Выдатная ялавічына каштуе 2-3 даляра за кг. Яе можна проста пакласці на патэльню і атрымаць стэйк рэстараннай якасці.
У той жа час садавіна, якую прывозяць з Бразіліі, і наогул увесь імпарт каштуе вельмі дорага. Аргенцінскія макароны абыдуцца танней за 1 даляр, а якая-небудзь Barilla будзе каштаваць 5. За 2 даляры можна купіць вялікі пакет гародніны і зеляніны або адзін манга, ці два персікі. Адзенне, тэхніка, імпартная бытавая хімія каштуе нейкіх шалёных грошай. Мясцовы пральны парашок танны, але нізкай якасці.
Калі карыстацца цэнавай сітуацыяй рацыянальна, то падчас паездкі можна добра ашчадзіць. Але калі жывеш у Аргенціне год і ялавічына табе ўжо папярок горла, то прыйдзецца пераплачваць.
Жыллё цяпер нятаннае. Уся кароткатэрміновая арэнда — на booking і airbnb, бо выйшаў закон, што на мясцовых сайтах здаваць жыллё можна толькі доўгатэрмінова. Гатэлі на букінгу добрыя тым, што там абавязаныя прымаць плату па афіцыйным курсе. Але і цэны ў валюце там вышэйшыя.
За кватэру на airbnb мы заплацілі 1000 даляраў за месяц. Гэта дорага, але нам патрэбны быў варыянт з басейнам на даху, каб дзіця магло адаптавацца да спякоты. Увогуле, такіх кватэр у Буэнас-Айрэсе шмат — на дахах уладкаваныя агульныя зоны з басейнам і — абавязкова — грылем. Калі б не гэтае патрабаванне, можна было зняць прасторную кватэру за 600-700 даляраў.
Праз наплыў расіян нас увесь час пыталіся: вы ўцекачы ці прыехалі нараджаць, калі пераехалі? Адказ, што мы турысты, натыкаўся на неразуменне: у сэнсе турысты, адкуль вы? І толькі калі мы казалі, што жывем цяпер у Еўропе, выдыхалі: а, тады зразумела.
Паколькі афіцыйны і чорны курс адрозніваюцца ў два разы, да нядаўняга часу тут было вельмі нявыгадна плаціць карткай. Цяпер пры аплаце канвертацыя праходзіць ужо па чорным курсе мінус 10%. Але зімой гэтую сістэму толькі ўводзілі, таму мы ехалі з гатоўкай.
Частку грошай мы памянялі з дапамогай гіда, а потым сталі спраўляцца самі. Аказалася, гэта досыць бяспечна. Калісьці нас палохалі падробленымі грашыма. Але цяпер у іх самая вялікая купюра — 1000 песа, крыху больш за 2 даляры. Які сэнс іх падрабляць?
На скрыжаванні вуліц Florida і Corrientes дзясяткі людзей крычаць: cambio, cambio! (абмен). У будны дзень цябе прыводзяць у склеп з акенцам-абменнікам. У выхадныя зазывал значна менш і цябе проста адводзяць да мужыка, які сядзіць на рагу дома з вялікім смеццевым пакетам, поўным песа. Выглядае гэта ўсё вельмі ненадзейна, але за тры месяцы нас ні разу не паспрабавалі падмануць. І справа не ў веданні мовы: 10 гадоў таму я ўжо ведала мову, і мяне надурвалі.
У таксі таксама перасталі падманваць, таму што за гэтым пачалі сачыць. Яно тут каштуе танна (1,5-2 даляры за 20-хвілінную паездку па лічыльніку) і лёгка ловіцца на вуліцы.
Наогул, такое пачуццё, што аргенцінцы ўзяліся за бяспеку: павесілі камеры і на кожным рагу паставілі па паліцэйскім. У цябе не адбяруць на вуліцы тэлефон, калі побач паліцэйскі. У паліцыю яны набралі шмат моладзі, у тым ліку дзяўчат, якія працуюць хутчэй на прафілактыку. Ходзяць па вуліцах, і ў іх ззаду на кішэні боўтаецца пісталет.
Гэта разлічана на нармальных людзей, але не на псіхаў. Аднойчы ў горадзе стаў увесь транспарт з-за трагедыі ў метро: нейкі мужчына скандаліў з работніцай метро, падышла паліцэйская, а мужчына выхапіў у той пісталет і яе застрэліў.
Наогул, у Лацінскай Амерыцы вялікае значэнне мае тое, як ты выглядаеш і паводзіш сябе. Калі ты ідзеш па вуліцы з фотаапаратам на шыі, ясі булку і крышыш яе на фотаапарат, людзі заканамерна зробяць высновы, што ён табе не вельмі патрэбны.
Чым займаліся
У Буэнас-Айрэсе мы жылі звычайным жыццём: працавалі дыстанцыйна, хадзілі на рынак і ў крамы, гулялі ў парках і на дзіцячых пляцоўках, размаўлялі з мясцовымі, наведвалі гарадскія мерапрыемствы. Аргенцінцы часта казалі нам «Сардэчна запрашаем», думаючы, што мы пераехалі ў іх краіну.
10 дзён мы жылі каля акіяна ў мястэчку Пуэрта-Мадрын, дзе ўжо былі ў 2013 годзе. Адтуль зручна ездзіць у розныя прыродныя запаведнікі, глядзець на дзікую прыроду і жывёл. Але паколькі там цяпер вельмі мала турыстаў, яны замуцілі для замежнікаў такія цэны, што мы мала што маглі сабе дазволіць. Гэтыя дні можна лічыць страчанымі. Да таго ж на бераг выкінула смярдзючыя водарасці, яны гнілі на сонцы, і нікога з мясцовых гэта не турбавала.
Аргенцінцы наогул вельмі талерантныя да пахаў і стандартаў гігіены. Ты можаш прыйсці ў рэстаран, дзе ўсё прыстойна, але ў прыбіральні пры гэтым пагром. Вечка ўнітаза асобна, усё бруднае — такое пачуццё, што пра туалет проста забыліся.
Я неяк чытала гугл-водгукі пра аргенцінскія прадуктовыя крамы. У іх на першым месцы заўсёды абслугоўванне: як з табой пагутарылі. Гэта самае галоўнае. Калі табе не ўсміхнуліся, ты ў гэтую краму больш не прыйдзеш. Пасля ідуць цэны і асартымент. І ўсё. Пра чысціню і гігіену гаворкі наогул няма.
Гэта толькі адзін з непрыемных бакоў аргенцінскага побыту. Любая дробязная справа — памыць, праехаць у метро, купіць сімку — тут можа ператварыцца ў праблему. Якая можа потым элегантна вырашыцца.
Для аплаты праезду ў метро і аўтобусе, каб спрасціць сабе жыццё, аргенцінцы прыдумалі адзіную транспартную картку — Sube. І да яе — інтэрактыўную карту кіёскаў, дзе гэтыя Sube можна купіць. Але картак нідзе няма. Я абышла сем кіёскаў, мне ўсюды ўсміхнуліся і сказалі, што апошнюю купілі літаральна дзве гадзіны таму.
У самім метро — тая ж гісторыя. Калі я ўжо ў роспачы ўсклікнула ля акенца: «Ну што ж мне рабіць, мне трэба ехаць!», — супрацоўніца раптам адказала: «Калі што — праходзьце так».
Пазней мне пашанцавала: у адным кіёску мужчына горда дастаў пачак карт са словамі: «Нам іх толькі што прывезлі». Гэтую карту я павезла з сабой: калі праз 10 гадоў зноў прыеду ў Аргенціну, не хачу паўтараць гэты квэст.
З сім-картай таксама цікава. Купіць сімку, актываваць і папоўніць яе можна і ў офісе аператара, але гэта дорага і трэба стаяць некалькі гадзін у чарзе. Мой варыянт быў самы хуткі, хоць і заняў паўдня. Спачатку купляеш сім-карту, яна прадаецца ў цукерачным кіёску (у якім менавіта, ты не ведаеш, таму абыходзіш іх і пытаеш). Потым ідзеш у офіс і актывуеш яе, праўда, грошай на ёй усё яшчэ няма.
Каб падключыць пакет з 40 ГБ на 2 месяцы, трэба папоўніць рахунак на 15 даляраў. Для гэтага ідзеш у аптэку пэўнай сеткі. Там усё проста, але за раз яны могуць узяць з вас толькі 5 даляраў. Таму трэба альбо схадзіць у тры розныя аптэкі, альбо ў адну і тую ж тры разы з інтэрвалам у гадзіну.
Ці, дапусцім, вам патрэбныя паслугі сістэмы грашовых пераводаў. Нам яны спатрэбіліся, каб купіць квіткі на ўнутраны авіярэйс за наяўныя (анлайн было б у 2 разы даражэй), а многія аргенцінцы так атрымліваюць з-за мяжы дапамогу ад родных і нават заробкі.
Ты прыходзіш у офіс і займаеш велізарную чаргу. Спачатку чарга радуецца, што офіс апынуўся на ценявым баку вуліцы, усе знаёмяцца і абменьваюцца навінамі. Праз гадзіну прыходзіць супрацоўнік і кажа, што грошы скончыліся, да панядзелка выдаваць іх не будуць, толькі прымаць. Палова чаргі паціскае плячыма: што ж, затое мы так добра пагутарылі, цёпла развітваюцца адзін з адным і сыходзяць. У вас з'яўляецца шанец купіць квіткі на самалёт, не страціўшы дзень.
Яшчэ сітуацыя: вам трэба памыць адзенне. У Аргенціне мала ў каго пральныя машыны ў кватэры, іх звычайна выносяць у асобнае памяшканне наверсе. Каб імі скарыстацца, патрэбны жэтон, але яго яшчэ трэба пашукаць. Ты аглядаеш ужо знаёмыя кіёскі ў пошуках надпісу «у нас ёсць жэтоны для пральнай машыны». Бачыш надпіс, ён радасны, са смайлікамі. Але гэта нічога не значыць. На просьбу прадаць табе кажуць, што жэтоны толькі ўчора скончыліся. Хоць, магчыма, іх там ніколі і не было.
Неяк мы вырашылі аднесці рэчы ў пральню, якія тут на кожным рагу, але муж спачатку вырашыў прачытаць водгукі пра яе, і аказалася, што людзі пагалоўна скардзяцца, быццам пральня губляе вопратку. «Яны згубілі мае штаны, такія дарагія», — піша нейкі мужык. А пральня адказвае: «Прабачце, нам вельмі шкада, што мы згубілі вашы штаны». Талерантнасць да праблем і халатнасць — гэта такі ядзерны мікс.
Вы пытаецеся, чым мы займаліся ў Буэнас-Айрэсе. Вось чым мы займаліся! На рашэнне дурных пытанняў сыходзіць процьма часу. Тым, хто задумваецца пра пераезд і легалізацыю ў Аргенціне, трэба набрацца цярпення.
Як зазямляліся ў Патагоніі
Тры тыдні мы правялі ў нашага знаёмага ў Патагоніі, карэннага жыхара з народа мапучэ. Мы пазнаёміліся з ім яшчэ ў мінулую паездку і ўвесь час падтрымлівалі сувязь.
Чаліла — глухая патагонская вёсачка. Сама па сабе нічым не адметная, але побач знаходзіцца нацпарк, дзікі і цяжкадаступны. Гадоў з 15 таму наш прыяцель вырашыў будаваць там хостэл. З яго ўсе смяяліся, ніхто не верыў, што нехта прыедзе ў такую глухмень. Але ён вельмі актыўна займаўся сваёй справай, ездзіў на розныя саміты, выступаў, даказваў, рабіў рэкламу.
У выніку вёска стала турыстычнай. Палова дамоў у ёй — гэта хостэлы, у самым нацпарку адкрылі кемпінгі, туды прыязджае транспарт з буйных гарадоў. А яшчэ ў Чаліле праводзяць нацыянальны фестываль асада — смажанага на вуголлі мяса.
І вось мы тры тыдні жылі ў доме нашага прыяцеля на ўскраіне Чалілы, каля ціхага возера. Займаліся сабакамі, лавілі рыбу, трохі дапамагалі па доме і… зазямляліся. Там неверагодны прастор. Ужо пачынаюцца Анды і шмат азёр, і тым больш дзіўна, што іх флора вельмі падобная на нашу. Там тыя ж кветкі і дрэвы, нават бярозкі ёсць. Гэта абсалютна наш пейзаж, але да таго ж ёсць горы і ўсё вельмі велізарнае. І без людзей.
Там амаль не было ўмоў, затое ты сам-насам з дзікай прыродай. Выходзіш да возера і слухаеш абсалютную цішыню. Спачатку заліпаеш у гэтую цішыню, доўга глядзіш удалячынь, потым раптам пралятае арол — о, падзея!
Спачатку я ўвесь час пыталася нашага сябра, якія ў нас планы на заўтра. Думаю, гэтае пытанне яго моцна злавала. Аргенцінцы расслабленыя, яны не будуюць планаў, яны хочуць прачнуцца раніцай, расплюшчыць вочы, удыхнуць. А мяне бясіла такое стаўленне, таму што хацелася зразумець, што мы робім, куды едзем ці ідзём.
Потым мясцовая жанчына мне сказала: «Ты ўвесь час такая напружаная, кудысьці спяшаешся, табе трэба расслабіцца». І я паспрабавала. Я стала праводзіць шмат часу ў гэтай цішыні, і вось калі праляцеў чарговы арол, я раптам зразумела, што вынырваю з неўратычнасці апошніх гадоў.
Я раптам зразумела, наколькі нездаровы той стан, у якім мы цяпер жывём. Здаецца, я была ўжо на мяжы знясілення — не толькі з-за таго, што адбываецца, але і з-за таго, як моцна я мусолю гэта ў галаве. Яно ж адбываецца як адбываецца, але можна прачытаць навіну адзін раз, каб даведацца пра падзею, а можаш прачытаць 10 розных каналаў і 10 разоў знервавацца. Так, мы жывём у нявызначанасці, гэта дрэнна, але з-за моцных перажыванняў робім сабе толькі горш.
Зразумела, што эканамічны крызіс, які мучыць аргентынцаў шмат гадоў — гэта праблемы іншага роду, іх нельга параўноўваць з нашымі. Але відавочна, што аргенцінцы таксама знаходзяцца ў стане нявызначанасці, і пры гэтым пераносяць яго інакш.
Наогул, пакуты для аргенцінцаў — культ, частка іх культуры. Яны вельмі эмацыйныя, падчас вырашальнага матчу ЧС многія па-сапраўднаму плакалі. Пасля фіналу рэпарцёры сталі апытваць заўзятараў. І тыя сказалі: «Мы так пакутавалі, мы пакутавалі ўвесь матч!» Потым футбалісты сказалі: «Мы так пакутавалі, мы пакутавалі ўвесь чэмпіянат, мы, аргенцінцы, былі народжаныя, каб пакутаваць». А я падумала: раз вы так пакутуеце, чаму вы такія шчаслівыя?
Аргенцінцы як быццам вынялі з пакут негатыўны складнік і кудысьці яго дзелі. Яны перажываюць моцныя эмоцыі, але гэта не прыносіць ім неўрозу, як нам.
Дарэчы, я заўважыла, што мігранты з нашых краёў, якія жывуць у Аргенціне доўга, таксама знаходзяцца ў рэлаксе. Там ты адкідваеш дадатковыя перажыванні і зазямляешся ў прынцыпе. Але для гэтага спачатку трэба перастаць псіхаваць з-за бытавых нягод. У мяне таксама стала атрымлівацца. І праз тры тыдні пытанне бацькоў пра планы на заўтра выклікала ўжо здзіўленне.
Пра актывізм, магічны рэалізм і галоўнае
Калі я распавядаю пра бытавыя нязручнасці ў Аргенціне, то баюся здацца прыдзірай. Бо гэта далёка не галоўнае. Мяне саму злуюць снабісцкія водгукі пра Аргенціну. Асабліва ад мігрантаў, якія цяпер масава туды прыязджаюць. У іх запыт на Швейцарыю, таму ім усё не падабаецца, адзіны плюс — таннае віно і капеечны рахунак у рэстаране.
Але Аргенціна — гэта перш за ўсё іншы свет. Дарэчы, у чымсьці гэты свет прагрэсіўнейшы за наш. Мяне здзівіла, як шмат там грамадзянскіх ініцыятыў. Напрыклад, кампанія па інфармаванні насельніцтва аб відах гвалту і агрэсіі. У парку Пуэрта-Мадрына ўсталяваная «шкала агрэсіі з боку працадаўцы».
А ў жаночых туалетах вісяць напамінкі пра тое, якія бываюць віды гвалту. І фізічны гвалт там на апошнім месцы, на першыя пазіцыі вынеслі невідавочнае: дапусцім, чалавек прымушае цябе адчуваць віну і прымяншае твае дасягненні (псіхалагічны гвалт). Гэта ж важна.
Аргенцінцы перарабілі заапаркі ў экапаркі, якія накіраваныя больш на клопат пра жывёл, чым на забаву. Там жывуць толькі тыя жывёлы, якім камфортна ў гэтым асяроддзі, яны не сядзяць у клетках. І калі чалавеку кагосьці не відаць, гэта праблема чалавека.
Так, у аргенцінцаў кепска з раздзельным зборам і перапрацоўкай смецця, але на прыватным узроўні яны спрабуюць быць экалагічнымі. Яны вельмі прасунутыя на прыватным узроўні, але не на ўзроўні дзяржавы. Дзяржава спрабуе нешта рабіць і дае грошы актывістам. У плане інфармавання гэта дапамагае, у плане збору смецця гэтага недастаткова.
А яшчэ там шмат творчых людзей. Проста 20 таленавітых мастакоў на 1 квадратны метр сценаў. На другі дзень пасля фіналу мы знайшлі ў нашым раёне тры новыя графіці — прысвячэнні гэтай перамозе. І яны былі вельмі прыгожымі.
У Буэнас-Айрэсе ёсць сучасныя шматкватэрныя жылыя комплексы, каля якіх абавязкова будзе прыкольная скульптура ад забудоўшчыка. І гэта масавая з'ява.
Аднойчы мы зазірнулі ў раённы культурны цэнтр і абамлелі. Уявіце велізарную прастору, падобную на мінскі «Корпус», але значна большую. Цэнтр размешчаны ў будынку манастыра XVIII стагоддзя, звонку нейкія муралы, а ўнутры — велізарная прастора для дзіцячых гульняў, вучобы, працы, танцаў, кожнаму віду дзейнасці — асобная зона. Усё прыстасавана для інвалідаў. Для ўсіх узростаў. Бясплатна. Гэта зроблена вельмі таленавіта, і было відаць, што для іх гэта само сабой зразумелае.
Пад канец паездкі ў мяне назапасілася стомленасць ад бытавых праблем, таму моцнага суму пры вяртанні ў Еўропу не было. Каб жыць у Аргенціне, трэба валодаць рамантычным складам характару і заплюшчваць вочы на многія нязручнасці.
А яшчэ гэта пытанне, ці падыходзіць табе жыццё ў шматмільённым горадзе. У Аргенціне няма Гродна ці Уроцлава — тут трэба выбіраць паміж Буэнас-Айрэсам і вёскай.
Затое ў Аргенціне адчуваеш сябе вельмі жывым. Ты ўвесь час трапляеш у нейкія неверагодныя сітуацыі, адчуваеш увесь спектр эмоцый — ад захаплення да крайняга абурэння. Ты любуешся таленавітай скульптурай каля новабудоўлі і ў гэты час наступаеш у гаўно, таму што ў кожнага тут па пяць сабак і за імі не прыбіраюць.
На працягу дня ты псіхуеш, злуешся, губляеш сілы, а ў канцы дня думаеш: як гэта ўсё выдатна! Я стамляюся ад такога, хоць гэта і моцна натхняе.
Пасля Аргенціны Еўропа здаецца цяпліцай, праўда, выдатнай цяпліцай. Гэта нібы раман з эмацыйна няўстойлівым чалавекам. Можна і перагарэць. Я ведаю, што вярталася б туды пры любой магчымасці. Але магу патраціць усё жыццё, каб зразумець, ці магла б я там жыць.
Ад Лацінскай Амерыкі прынята чакаць магіі ў духу Маркеса. Неяк у іспанскім размоўным клубе ў Мінску мы абмяркоўвалі, што такое магічны рэалізм. Я сказала, што для мяне гэта рэчы, якія вельмі падобныя на праўду, але якія не могуць адбыцца ў рэальным жыцці. Як напрыклад, бесперапынны дождж з жоўтых кветак пасля смерці Хасэ Аркадзіа Буэндзіа ў «Сто гадоў адзіноты».
Тады дзяўчына з Венесуэлы запярэчыла: а чаму не можа быць дажджу з жоўтых кветак? У нас у Лацінскай Амерыцы шмат прыродных катаклізмаў, тое, што вам здаецца магіяй, для нас проста рэальнасць.
У Аргенціне я не сутыкалася з магіяй, але лад жыцця аргенцінцаў, іх стаўленне да жыцця фармуе больш дзіўную, чароўную карціну свету. І часта яны самі гуляюць на гэты вобраз. Калі нашы знаёмыя з'язджалі з Аргенціны, то не маглі праехаць у аэрапорт, бо ў гэты час з Катара вярталася футбольная каманда і дарога была забітая людзьмі. Тысячы людзей ішлі ўсю ноч 30 кіламетраў у аэрапорт, каб сустрэць сваю каманду. А як інакш? Іх багі прыехалі.
Жоўтыя кветкі на мяне не сыпаліся. Але калі ты шукаеш магічны рэалізм, у Аргенціне ты яго знойдзеш.
Чытайце таксама: