Спроба вайсковага перавароту ў Судане. Там пачаліся сутыкненні паміж арміяй і «джынамі на конях»

У сталіцы Судана Хартуме пачалася перастрэлка паміж арміяй і сіламі хуткага рэагавання. Аэрапорт Судана перастаў прымаць і адпраўляць самалёты, у розных раёнах сталіцы ідуць перастрэлкі з цяжкіх гармат, піша РБК.

15.04.2023 / 12:45

У некалькіх раёнах сталіцы Судана Хартуме чутная стральба, на вуліцах разгорнутая ваенная тэхніка і гарматы артылерыі, гукі стральбы чутныя блізу штаб-кватэр арміі дзяржавы і іншай сілавой структуры — сіл хуткага рэагавання (SRF), піша Reuters.

SRF абвінаваціла армію ў «жорсткім нападзе», паведаміўшы, што тыя акружылі адну з яе баз і адкрылі агонь з цяжкіх гармат. Арганізацыя ўдакладніла, што гаворка ідзе пра «шырокамаштабную атаку» з ужываннем розных відаў узбраення.

Пры гэтым у суданскай арміі абвінавачваюць SRF у атацы на вайсковыя пасты. Суразмоўца Al Jazeera ў войску распавёў, што сілы хуткага рэагавання паспрабавалі ўзяць штурмам штаб Галоўнага камандавання.

Мясцовыя жыхары распавялі Al Jazeera пра сутыкненні і перастрэлкі вайскоўцаў, журналіст тэлеканала распавёў таксама пра слупы дыму ў розных частках сталіцы Судана. Паводле звестак тэлеканала, міжнародны аэрапорт сталіцы Судана прыпыніў працу.

Сілы хуткага рэагавання арганізаваныя на базе апалчэнцаў «Джанджавід» (у перакладзе з арабскай — «Джын на кані»), якія ўдзельнічалі ў паўстанні ў рэгіёне Дарфур на захадзе Судана ў 2003 годзе. Праваабаронцы абвінавачваюць байцоў гэтай арганізацыі ў ваенных злачынствах, сярод якіх катаванні, згвалтаванні і забойствы мірных жыхароў.

У 2019 годзе SRF аб'ядналася з арміяй Судана для звяржэння прэзідэнта Амара Хасана аль-Башыра, яго адхілілі ад улады і арыштавалі. Абедзве арганізацыі здзейснілі яшчэ адзін пераварот у кастрычніку 2021 года. Вайскоўцы адкрылі агонь па пратэстоўцах. Загінулі не менш за 120 чалавек, у СМІ гэта назвалі Хартумскай разнёй.

Nashaniva.com