Некалькіх супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка вызвалілі пасля арыштаў
Як даведалася выданне «Позірк», у Полацку вызвалілі пяцярых людзей, затрыманых 29 і 30 сакавіка падчас аблавы ў Полацкім гісторыка-культурным запаведніку. Мяркуючы па датах вызвалення, усім было прызначана па 15 сутак.
14.04.2023 / 21:18
13 красавіка вызвалілі загадчыцу навукова-экспазіцыйнага аддзела Тамару Джумантаеву, фатографа Кірыла Смалякова і электрыка Пятра Гайдукова.
14 красавіка на волі апынулася старшая навуковая супрацоўніца Полацкай мастацкай галерэі Аляксандра Касцюкевіч. Таксама вызвалілі былую супрацоўніцу Алену Ходзікаву, якая звольнілася з запаведніка па ўласным жаданні.
Некаторыя з затрыманых у тыя дні працягваюць знаходзіцца ў няволі. 10 красавіка суд Наваполацка арыштаваў яшчэ на 13 сутак паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) кандыдата філасофскіх навук Ігара Бортніка. А 11 красавіка Наваполацкі гарадскі суд прыняў рашэнне яшчэ на 15 сутак арыштаваць наваполацкага фатографа Ігара Супранёнка.
Чытайце таксама:
Сталі вядомыя прысуды некаторым полацкім музейшчыкам, а таксама спіс затрыманых