На закрыты «Віталюр» падаюць у суд расійскія кампаніі
Стала вядома, што некалькі кампаній з Расіі падалі новыя іскі ў суд да закрытай у Беларусі сеткі «Віталюр». Сярод іх — расійская кандытарская фабрыка «Перамога», як вынікае з базы арбітражных судоў Расіі.
14.04.2023 / 16:07
Іскавая заява «Перамогі» пакуль яшчэ не апублікаваная, невядомая і сума доўгу. Спрэчку паміж «Віталюрам» і «Перамогай» будуць разглядаць у Маскве.
Акрамя таго, быў пададзены іск ад кампаніі з Санкт-Пецярбурга «ТІ-ГРУП», якая з'яўляецца пастаўшчыком гарбаты, кавы, какавы. Разам з тым, грошы таксама хоча атрымаць буйная аптовая кампанія «НП-Сэрвіс».
Яшчэ адзін іск у суд быў пададзены ад кампаніі «Натур Тэкноладжыс», якая займаецца фасоўкай кавы і гарбаты. Мае прэтэнзіі і кампанія «Фрыменаўта», якая пастаўляе харчовыя дабаўкі, а таксама займаецца вытворчасцю кандытарскай і булачнай прадукцыі.
Па стане на 14 красавіка 2023 года ў расійскіх судах знаходзяцца 12 іскаў ад пастаўшчыкоў у дачыненні да гандлёвай сеткі «Віталюр». Паведамляецца, што яшчэ як мінімум тры іскі былі прынятыя эканамічным судом Мінскай вобласці.
«Віталюр» з-за даўгоў нядаўна вымушаны быў перадаць свае крамы сетцы «Санта» («Санта Рытэйл»). Дзякуючы гэтаму апошняя вырасла з 250 да 308 крам.
Чытайце таксама:
На «Віталюр» падала ў суд кампанія экс-губернатара Прымор'я
«Віталюр» канчаткова завяршыў сваю працу
Прадстаўнікі сеткі «Санта» расказалі, што будзе з крамамі «Віталюр»