З разынкамі, цукатамі, арэхамі. Колькі каштуюць велікодныя булкі 

На змену сціплай даўнейшай велікоднай бабкі прыйшла выкшталцоная выпечка. Цяперашнія паскі здзівяць і задаволяць самага пераборлівага ласуна. У крамах — велікодныя распродажы, а кандытары выдумляюць новыя рэцэпты.

14.04.2023 / 17:18

Брэсцкія паскі асвяцілі перад адпраўкай у продаж. Фота: virtualbrest.ru

У сеткавых крамах Мінска цэны на велікодныя пірагі стартуюць ад 2,29 рубля. Столькі каштуе паска ў ProStore. Green прапануе 350-грамовую велікодную булку «Крафін с шакаладам» за 6,99 рубля. А ў «Суседзях» цана 500-грамовага куліча «Святочны» — 8,99 рубля.

Мінская пякарня «Цьеры» абвясціла, што да Вялікдня прымае заказы на 300-грамовую слоеную булку, аздобленую цукатамі з ананасаў, журавін і разынак. Да ўсяго гэтага выпечка — у ванільна-ромавай прапітцы. Яе кошт — 11,70 рубля.

Класічны жа кекс вагою 430 грамаў у гэтай пякарні таннейшы — 6,70 рубля. Ён спечаны на сметанковым масле і вяршках, дададзеная цэдра лімона ды ванільная глазура.

Паска кандытараў з «Цьеры». Фота: instagram.com/thierry_bakery

Гомельскія пекары паабяцалі да Вялікдня выпечы не менш за 45 тон пасак. Калі план будзе выкананы, то кожны жыхар абласнога цэнтра можа разлічваць на кілаграм велікоднага хлеба. Пірагі гатуюць тварожныя, дрожджавыя, з цукатамі і сухафруктамі, з рознымі пасыпкамі і дэкорам.

Велікодныя булкі ад гомельскіх хлебапёкаў. Фота: t.me/VOkanal2020

На сайтах дзяржаўных пякарняў размешчаныя фота і апісанні вырабаў без пазначэння цэн.

«Рознічная цана ў розных гандлёвых аб’ектах горада можа адрознівацца», — патлумачылі ў адной з іх.

У буйных сеткавых крамах Гомеля — велікодны распродаж.

Цэны на 300-грамовыя паскі — ад 4,5 да 6,5 рубля. Найтаннейшая з разынкамі — 4,49 рубля, а з цукатамі найдаражэйшая — 6,49 рубля.

Знайсці пірог можна і таннейшы — за тры рублі.

У Гомелі адзін з мясцовых сэрвісаў дастаўкі прапануе прывезці кліенту кілаграмовую тварожную бабку за 25,90 рубля. Куліч «Велікодны» з памадкай абыдзецца ў 21,5 рубля. Бюджэтны варыянт: кілаграмовая паска з цукровай пудрай — 14,90 рубля.

Тым, хто хоча адзначыць Вялікдзень з размахам, прапануюць заказаць велікодны кошык вагою 870 грамаў за 60 рублёў.

У Магілёве недарагія, ад двух рублёў, паскі прадаюцца ў крамах. Напрыклад, у адным з мясцовых магазінаў адшукаўся 250-грамовы «Куліч пасхальны» за 1,99 рубля. «Кекс тварожны» у гэтай жа краме даражэйшы — 5,49 рубля.

Наогул жа, у магілёўскіх крамах цана 450-грамовай паскі вагаецца ад 2,5 да 5 рублёў. Даражэйшыя тварожныя бабкі — ад 3,5 рубля.

Велікодная булка з Магілёва. Фота: instagram.com/bakehouseby

У папулярнай мясцовай кавярні Bakehouse велікодныя кулічы вагою ў 450 грамаў па аднолькавай цане — 5,99 рубля. Пры жаданні кліента выпечку даставяць яму дадому.

Цана велікоднай бабкі віцебскіх хлебапёкаў — ад 5,50 рубля. Напрыклад, за 450-грамовы кекс «Васкрасенскі» просяць 5,67 рубля, а за «Графскі» такой жа вагі — 6,05 рубля.

На распродажах у сеткавых крамах 120-грамовы куліч з разынкамі каштуе 1,19 рубля. 700-грамовы «Каравай здобны» з сухафруктамі ў выглядзе велікоднай беларускай паскі каштуе 8,19 рубля.

Паска ад гродзенскіх кандытараў. Фота: instagram.com/ponchikoff_grodno

У Гродне і Брэсце цэны на Велікодныя булкі ў сеткавых крамах не адрозніваюцца ад падобнай прадукцыі ў іншых абласных цэнтрах. Канкурэнцыю ім складаюць прыватныя пякарні і кавярні.

У гродзенскай кулінарыі «Залатое цяля» 130-грамовая паска з яйкамі каштуе 2,5 рубля. У пякарні «Хлебная крама» цэны вышэйшыя. За стограмовы куліч з разынкамі там просяць 6,5 рубля. А 350-грамовую бабку з вяленай вішняй, цукатамі і разынкамі ў бары «Пончикоff» выпекуць за 18 рублёў.

Брэсцкія паскі. Фота: virtualbrest.ru

У Брэсце мясцовыя майстры гатовыя ўзяцца за выпяканне 400-грамовай паскі, начыненай разынкамі, арэхамі, цукатамі, сухафруктамі, што будзе каштаваць ад 10 рублёў.

Глядзіце таксама:

Апельсінавы велікодны пірог з шакаладам — просты рэцэпт, а незвычайны

Рэцэпты велікоднага стала: крашанкі, паска, запечанае мяса

У Dana Mall адкрылі новую велікодную экспазіцыю. Як яна выглядае?

Nashaniva.com