Гіркіна-Стралкова пасля даносу правяраюць наконт дыскрэдытацыі расійскай арміі

У паліцыю звярнулася жанчына з Навасібірска, якую абурылі публікацыі экс-міністра абароны «ДНР» у сацсетках, дзе той крытыкуе ўладу, піша «Север. Рэаліі».

14.04.2023 / 10:49

Ігар Гіркін-Стралкоў. Скрыншот з відэа

Цяпер Гіркіным-Стралковым цікавяцца піцерскія следчыя і маскоўскае МУС.

Яго хочуць праверыць на «дыскрэдытацыю» войска і махлярства. Са слоў заяўніцы, у сваіх роліках ён абражаў уладу і абвінаваціў кіраўніцтва краіны ў тым, што ваенныя дзеянні не пачаліся ў 2014 годзе.

Журналістам удалося знайсці аўтарку даносу, яна пацвердзіла свае прэтэнзіі да Стралкова і завяршыла размову фразай: «Навошта мне гаварыць з журналістамі, я сама пры пагонах».

Стралкова з жонкай таксама падазраюць у махлярстве — нібыта яны атрымлівалі ахвяраванні на патрэбы вайны, але пра іх ніяк не давалі справаздачу, таму грошы маглі ісці куды заўгодна.

Увосень 2022 года Стралкоў быў прызнаны вінаватым у крушэнні малазійскага Боінга рэйса MH17 і гібелі ўсіх яго пасажыраў. Гаагскі суд асудзіў яго і іншых абвінавачаных да пажыццёвых тэрмінаў завочна і абавязаў выплаціць сем'ям загінулых мінімум €16 млн у якасці кампенсацыі.

Nashaniva.com