А вы ведаеце, што такое дрында?

Пакаленне 1950—70-х гадоў добра памятае гэты самаробны металічны самакат. А вось называлі яго ў розных мясцовасцях па-рознаму. Разам з назвамі ўсплываюць і мілыя ўспаміны.

16.04.2023 / 21:15

Дзеці на лыжах, санках, а адзін на дрындзе. Смаргонь, 1969 год. Фота: старонка ў фэйсбуку Таццяны Скарынкінай

У тыя часы не было ні цюбінгаў, ні скейтаў. Каталіся на санках, самаробных каньках, з'язджалі з горкі на пятай кропцы.

Значнай папулярнасцю карысталіся самаробныя зімовыя санкі-самакаты. Былі розныя спосабы іх вырабу з тоўстага жалезнага прута (арматуры). Звычайна іх выраблялі бацькі ў калгасных майстэрнях для сваіх дзяцей. Некаторыя прыварвалі падстаўкі для ног, каб зручней было катацца.

Вось яе, гэтую прыладу, у цэнтральнай Беларусі называлі «дрында». На паўночным усходзе Беларусі часцей сустракаліся назвы «каза» і «рагаза». У некаторых мясцовасцях гэта называлі «дуга», «дуды», «пруты» і «прэнт», «тарантас», «рогі», «драцянкі», «катулі» і нават «кабыла».

У дрынды было два полазы. Адной нагой станавіліся, а другой адпіхваліся. А калі дрында набірала хуткасць, то станавіліся абедзвюма нагамі і ехалі. Найлепш было катацца па накатанай машынамі абледзянелай дарозе ці з горкі. Часам спераду ставілі меншых дзяцей і каталі іх.

На днях на сваёй старонцы ў фэйсбуку дзіцячая пісьменніца Тамара Бунта падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з вучнямі.

У сваім апавяданні «Лялька» з кніжкі «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка» яна згадвае сваё дзяцінства і дзіцячыя забавы:

«Вы наўрад ці паверыце, але ў дзяцінстве я не мела цацак. Былі мяч, скакалка, санкі, лыжы, дрында, ровар, была «бітка», каб гуляць у класікі, былі рознакаляровыя шкельцы, прыгожыя гузікі, пер’е, зламаныя маміны брошкі, «залатыя» і «срэбраныя» цукерачныя абгорткі, каб рабіць у зямлі «сакрэты» — адным словам, усё тое, з чым можна забаўляцца на вуліцы».

У вучняў і настаўнікаў выклікала цікаўнасць слова «дрында».

Правобразам для яе паслужылі фінскія сані — стул на палазах, таму ў некаторых мясцовасцях яе называлі «фінка».

Фінскія сані. Фота: Wikimedia Commons

Па прынцыпе дрынды рабілі канькі, якія адмысловым спосабам прывязвалі да валёнак.

Як згадваюць карыстальнікі фэйсбука, дрынду з поспехам замяняў дубец маладой лазы. На ім таксама можна было добра разагнацца. Праўда, ён хутка сціраўся. Але ж лазы ў наваколлі заўсёды было ўдосталь.

Паступова, з ростам агульнага дастатку і развіццём прамысловай вытворчасці на месца дрындзе прыйшлі лыжы і канькі з бацінкамі.

Цяпер дрынду можна ўбачыць хіба што ў адным месцы — Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах на Капыльшчыне.

«А мы ў двары называлі гэтую прыладу — рагаза. Сам катаўся пастаянна», — піша ў каментарыях у фэйсбуку віцябчук Барыс Хамайда.

«У нас, я тады жыў у Латыгаўцы Мінскага раёна, гэта называлася «прэнт», — піша Павел Ляхновіч.

«Не памятаю, як у нас называлася гэтая дрында… А вось і ўспомнілася, каза яна называлася і я на ёй каталася. І цацак у мяне таксама не было. А змерзлыя шаравары былі. І вясёла было катацца!» — піша Марыя Ісаёнак.

Чытайце яшчэ:

Сенаванне: незабыўныя ўспаміны, як касілі і граблі сена яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя

Палачка-стукалачка, грахі, шавец: у што гулялі нашыя прабабы і прадзеды

Nashaniva.com