Два чалавекі загінулі ў ДТЗ пад Жабінкай, замест машыны — куча металалому

Страшнае ДТЗ з двума загінулымі адбылося ў Жабінкаўскім раёне 12 красавіка, паведамілі ў прэс-службе МУС. Смяротная аварыя адбылася каля 17:30 гадзін побач з вёскай Сцяпанкі.

12.04.2023 / 21:58

У МУС паведамілі, што 34-гадовы кіроўца Audi не справіўся з кіраваннем на закругленні дарогі. У выніку іншамарка з'ехала ў левы па ходзе руху кювет і перакулілася.

«Кіроўца і 43-гадовы пасажыр легкавіка загінулі», — пракаментавалі ў МУС.

Па фота, якое апублікавала прэс-служба ведамства з месца аварыі, можна зразумець, наколькі сур'ёзным было ДТЗ, — машына ператварылася ў кучу металалому. 

Прычыны і абставіны ДТЗ высвятляюць спецыялісты. 

Nashaniva.com