«Выбар»: як гісторыя яўрэйкі, што перажыла Халакост, можа нам дапамагчы
У гэтай кнізе жанчына, якая выжыла ў Асвенціме, разважае пра псіхалагічныя траўмы, жаданне помсты і жыццё пасля лагера. Некаторыя яе высновы могуць падацца нечаканымі, але менавіта гэта дапамагло ёй даць рады таму досведу, які выпаў на яе долю.
15.04.2023 / 12:56
Доктарка Эдыт Ева Эгер. Фота: flickr.com
«Не важна, наколькі разбуральным быў наш досвед, мы самі заўсёды выбіраем, як да яго ставіцца»
Ва ўсе часы выпрабаванняў, праз якія мы праходзім, мы маем выбар: быць ці не быць шчаслівымі, дазволіць трагедыям і бедам валодаць намі або будаваць сваё жыццё так, як нам хацелася б. Пра найгалоўнейшы выбар у сваім жыцці венгерка Эдыт Ева Эгер напісала аднайменную кнігу.
Гэта папулярная гісторыя, таму, магчыма, вы яе ўжо чулі. 1944 год, Венгрыя, шаснаццацігадовая венгерская яўрэйка Эдыт адпраўлена з сям’ёй у Асвенцім. У яе мінулым — маленства ў славацка-венгерскім Кошыцэ, заняткі балетам і гімнастыкай, а таксама першае каханне — хлопец Эрык.
За некалькі месяцаў да зняволення Эдыт выкрэсліваюць са спіса гімнастак, якія могуць трапіць на Алімпійскія гульні, бо яўрэйкам там, на думку венгерскага ўрада, не месца. Потым яе бацька трапляе ў працоўны лагер, адкуль вяртаецца праз сем-восем месяцаў, але ж гэта толькі пачатак выпрабаванняў, якія, нарэшце, прыводзяць сям’ю ў Асвенцім.
Бацькі Эдыт гінуць у першы ж дзень у Асвенціме, і дзяўчынка застаецца з сястрой. Праз некалькі гадзін пасля яе прыезду ў лагер у барак, дзе знаходзіцца Эдыт, прыходзіць Ёзэф Менгеле, чалавек, які раней адправіў на смерць яе бацькоў, і дзяўчынка вымушана танцуе перад ім за бохан хлеба.
Потым былі месяцы ў Асвенціме і пакутлівая эвакуацыя ў іншыя лагеры смерці — Маўтхаўзэн і Гунскірхен. У апошнім з іх у грудзе мёртвых цел амерыканскі салдат і знайшоў Эдыт 4 мая 1945 года. Ён заўважыў дзяўчынку, якая тады важыла 32 кілаграмы, па варушэнні рукой, і насыпаў ёй у рот шакаладныя дражэ.
Далей у жыцці дзяўчыны былі доўгае аднаўленне і шлюб, уцёкі з камуністычнай Чэхаславакіі ў ЗША, нараджэнне траіх дзяцей і вяртанне ў Асвенцім, у месца, дзе пачаўся яе цяжкі шлях. Эдыт не саромеецца казаць, што на душэўнае ацаленне ёй спатрэбіліся дзесяцігоддзі, і падрабязна расказвае, якім яно было. Ёсць чаму павучыцца тым з нас, хто чакае ад сябе імгненнага аднаўлення пасля перажытых бед, хто не ставіцца да сябе ці іншых са спачуваннем і не дае сабе часу.
Эдыт прайшла праз посттраўматычны сіндром і пачуцце віны чалавека, які выжыў. Хаваючы прыгнечаныя эмоцыі, жанчына баялася казаць пра катаванні, якія перажыла, нават уласным дзецям — але, як піша яна ў «Выбары», гэта быў тупіковы шлях:
«Збягаючы ад мінулага — ад майго страху — я не здабыла волю. Я стварыла турэмную камеру са свайго жаху і замкнула яе на замок».
Здаецца, паваротным пунктам у гісторыі Эдыт было яе знаёмства з вучэннем псіхолага Віктара Франкла, чалавека, які таксама прайшоў праз канцлагер і напісаў пра гэта другую вялікую кнігу нашага часу «Сказаць жыццю «Так!»: псіхолаг у канцлагеры». Франкл упершыню паказаў Эдыт новую перспектыву — не захрасаць у мінулым, а самастойна зрабіць выбар наконт таго, як жа да яго ставіцца.
Так, Гітлер і Менгеле адказныя за лёс Эдыт і яе сям’і, таксама як і Пуцін з Лукашэнкам адказныя за трагедыі тысяч сучасных сямей Усходняй Еўропы. Але ёсць прастора, недасяжная ні аднаму дыктатару, калі мы самі не аддамо яму ад яе ключы, і вось як пра гэта піша Франкл: «У чалавека можна адняць усё, акрамя аднаго — яго апошняй свабоды: выбраць сваё стаўленне да любых дадзеных абставінаў, выбраць свой шлях».
«Кожнае імгненне — гэта выбар. Няважна, наколькі разбуральным, нікчэмным, несвабодным, балючым або цяжкім быў наш вопыт, мы самі заўсёды выбіраем, як да яго ставіцца. І я нарэшце пачынаю разумець, што ў мяне таксама ёсць выбар», — дадае да яго радкоў Эдыт.
«Адзіны спосаб рэалізаваць сваю свабоду выбару — жыць цяперашнім»
Пазней Эдыт знаёміцца з Франклам, і іх ліставанне і сяброўства працягваюцца шмат гадоў. Два чалавекі, якія выжылі ў Асвенціме, дзеляцца адно з адным яшчэ адной крыніцай ратавання — тым светам, што знаходзіцца ў іх уяўленні.
Эдыт, калі танцавала перад Менгеле, уяўляла сябе на сцэне Будапешцкага опернага тэатра, а Франкл у свае горшыя хвіліны думаў, як ён вольным чалавекам будзе ў Вене чытаць лекцыі пра псіхалогію вязняў. Унутраны свет іх абаіх даваў ім прытулак ад жахаў сапраўднага жыцця, але пазней гэты ўнутраны прытулак ператвараецца ў турму, бо былыя вязні не могуць адпусціць свой досвед.
Канчатковая мэта любога траўмаванага чалавека — будаваць жыццё, вольнае ад ценяў мінулага, але гэта не значыць, што варта прыкінуцца, нібыта гэтага мінулага не існуе. Ёсць больш цяжкая, але і больш надзейная мэта: даць сабе пражыць усе прыгнечаныя пачуцці, расказваць пра боль, пакуль не зможаш пакінуць яго ззаду.
Але і іншая крайнасць — арыентацыя выключна на будучыню — нясе ў сябе патэнцыял самаразбурэння, лічыць Эгер:
«Калі мы скіраваныя толькі ў будучыню, паўтараючы як заклінанне «Я не буду шчаслівы, пакуль не скончу ўніверсітэт», «Я не буду шчаслівая, пакуль не сустрэну патрэбнага чалавека», мы жывём у той жа вязніцы, збудаванай тымі ж рукамі. Адзіны спосаб рэалізаваць сваю свабоду выбару — гэта жыць цяперашнім».
Яшчэ адзін важны элемент, пра які піша доктарка Эгер, — не даваць траўме пахіснуць веру ва ўласную слушнасць: «Для мяне засваенне ўстаноўкі «Рабіць тое, што я раблю і як я раблю, магу толькі я» азначала апанаваць паталагічнага выдатніка, які жыве ўнутры мяне і адчайна палюе на кожны кавалачак паперы ў імкненні даказаць уласную слушнасць. Гэта азначала навучыцца пераасэнсоўваць сваю траўму, спыніць углядацца ў пакутлівае мінулае, каб знаходзіць там толькі пацвярджэнне сваёй слабасці і недасканаласці, і ўбачыць нарэшце сведчанні сілы і таленту; азначала прызнаць, што існуе магчымасць росту».
Каб зрабіць гэтыя крокі, Эдыт накіравалася ў самыя страшныя для яе месцы на свеце — у Германію і Асвенцім. Туды жанчыну прывяла праца, і Эгер ужо гатовая была адмовіцца ад паездкі, якая, відавочна, прабудзіла б багата непрыемных успамінаў, але яе ўтрымаў муж словамі пра тое, што «калі ты не паедзеш у Германію, то Гітлер выйграў вайну». Чаму так строга?
Бо калі мы паддаёмся нашым страхам, мы адкрываем для іх свой апошні прытулак — унутраны свет, і не важна, чым у рэальнасці скончылася вайна, калі ўнутры сябе Эдыт здалася перад траўмай, нанесенай ёй фашыстамі. Ці кажучы словамі Эдыт: лягчэй думаць, што нехта ці нешта адказвае за твой боль, чым прыняць на сябе адказнасць і выйсці з вобразу ахвяры.
Яна, канешне, не здалася, паехала і ў Германію, і ў Асвенцім — і гледзячы па кнізе, гэта былі апошнія фрагменты, якіх не хапала ў пазле яе ацалення. Ад сябе не збегчы, таму найлепшы выбар — прыняць сваё мінулае, прыняць свае пачуцці, прысвечаныя яму, пражыць іх і нарэшце, праз дзесяцігоддзі, цалкам ісці далей, каб больш не пакутаваць на прыступы панікі і каб Гітлер не адваяваў сабе ў яе свядомасці ні аднаго месца. А яшчэ — каб канчаткова вырашыць пытанне аб помсце:
«У найлепшым выпадку помста бессэнсоўная. Яна не можа змяніць тое, што нам зрабілі, яна не можа сцерці несправядлівасць, пад якую мы падпалі, яна не можа вярнуць нашых памерлых. Што горш, помста падтрымлівае цыкл нянавісці. Яна прымушае нянавісць хадзіць па коле. Атрымліваецца, мы не маем развіцця, калі мы шукаем помсты, няхай нават негвалтоўнай».
А яшчэ, расказвае Эдыт, дапамагаюць рытуалы. Для яе такім рытуалам стала магчымасць вярнуцца на месца страты, то-бок у Асвенцім, але хто сказаў, што гэта адзіны магчымы шлях? Выйсці на беларускую дэманстрацыю ў замежжы, напісаць ліст палітвязню ці проста запаліць свечку ў памятны для сябе дзень — а можа, проста выпіць гарбаты ў любімай кавярні. Галоўнае — будаваць для сябе новыя апоры, каб з іх дапамогай ісці ў жыццё.
Скандынавы — самыя шчаслівыя народы свету. Вось некалькі сакрэтаў, як ім гэта ўдаецца