Вызвалены палітвязень распавёў пра змрочную ролю Чудзянцова ў калоніі
Былы палітвязень Віктар Акцістаў расказаў «Новаму часу» пра «стукацтва» ў калоніі, а таксама пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова, які з лістапада 2019 года знаходзіцца за кратамі.
12.04.2023 / 12:45
Віктар Акцістаў сядзеў у магілёўскай калоніі №15.
«Мне б хацелася расказаць пра аднаго з іх. Чалавек, пра якога я кажу, — Чудзянцоў. Ён рэгулярна дзеля задавальнення, без асаблівага ціску з боку адміністрацыі супрацоўнічае з ёй. Ён даносіць у тым ліку на палітычных. Гэта яго намаганнямі апошнія некалькі дзён, якія я павінен быў правесці ў атрадзе і адсвяткаваць з таварышамі сваё вызваленне, я правёў у бальніцы. Са мной было ўсё ў парадку, проста «з аператыўных меркаванняў». Іншым пашчасціла менш: яны праз яго сядзелі ў ШІЗА, іх пераводзілі ў іншыя атрады. Але ён такім чынам вырашае свае праблемы і «стучыць» на ўсіх, хто яму не падабаецца. Праз гэта адбываюцца пастаянныя вобшукі і пошукі парушэнняў у зняволеных. Я абяцаў людзям, што раскажу пра тое, што ён робіць», — расказаў Віктар Акцістаў.
«Новы Час» падкрэслівае, што не мае іншых доказаў паводзінаў Уладзіміра Чудзянцова ў калоніі, апроч слоў Віктара Акцістава.
У той жа час «Нашай Ніве» пра такія падазрэнні расказвалі двое іншых былых вязняў калоніі, якія выйшлі на свабоду. Яны прасілі не называць іх імён, таму мы тады пакінулі гэтую інфармацыю без публікацыі.
Уладзімір Чудзянцоў быў затрыманы ў лістападзе 2019 года ў цягніку падчас паездкі ў Польшчу. У яго нібыта знайшлі наркотыкі. Канчатковае абвінавачанне было наступным:
- ч. 2 артыкула 343 (распаўсюд порна заведама непаўналетняму) — 2 гады;
- ч. 1 артыкула 328 — захоўванне наркотыкаў;
- ч. 1 артыкула 14, ч. 1 артыкула 328 (замах на незаконны перавоз наркотыкаў праз граніцу) — 4 гады і штраф 27 тысяч рублёў.
У 1990-я Чудзянцоў (тады пад прозвішчам Зуеў) быў аўтарам прапагандысцкіх артыкулаў пра апазіцыянераў. Пасля Крыма-2014 рэзка змяніў пазіцыю, займеў антыпуцінскія і антылукашэнкаўскія погляды. Лічыўся адным з аўтараў тэлеграм-канала Нехта.
Журналіста Уладзіміра Чудзянцова затрымалі на мяжы з наркотыкамі, дома прайшоў ператрус
Нехта: Чудзянцоў дапамагаў мне ў рэдактуры тэкстаў для канала
Што вядома пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова, затрыманага на польскай мяжы нібыта за наркотыкі?