Аўстрыйскі прыхільнік Лукашэнкі пайшоў у адстаўку праз фота ў форме НКВД

Галоўны сацыял-дэмакрат (SPÖ) Давід Стокінгер з федэральнай зямлі Ніжняя Аўстрыя ў панядзелак днём падаў у адстаўку, гаворыцца ў паведамленні Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі.

10.04.2023 / 19:35

Адстаўцы папярэднічала публікацыя скандальнай фатаграфіі, дзе палітык пазіруе ў форме НКВД, піша Reform.by.

SPÖ Ніжняй Аўстрыі падтрымала рашэнне свайго лідара. Функцыі Стокінгера зараз возьмуць на сябе яго намеснікі. SPÖ Schwechat паведаміць пра пераемніка неадкладна і пасля кансультацый у камітэтах.

Паводзіны Стокінгера і раней выклікалі скандалы. У 2020 годзе пасля выступлення на БТ, падчас якога ён фактычна падтрымаў карныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі па падаўленні мірных пратэстаў, яму давялося сысці з пасады віцэ-прэзідэнта Аўстрыйска-беларускага таварыства (ÖWG).

Аляксей Дзермант ездзіў у Аўстрыю ў 2019 годзе і меў там сустрэчы з мясцовымі парламентарыямі на запрашэнне Давіда Стокінгера. Фота: ÖWG

Сам палітык неаднаразова бываў у Беларусі, а Аўстрыйска-беларускае таварыства цесна супрацоўнічала з прадстаўнікамі беларускага рэжыму. Па запрашэнні арганізацыі ў Аўстрыю прыязджалі высокапастаўленыя члены БРСМ, дзяржаўныя прапагандысты і іншыя прадстаўнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Nashaniva.com