Адвакату Аляксандру Данілевічу далі 10 год калоніі — за дапамогу Апейкіну і Герасімені

Суддзя Таццяна Фалькоўская прысудзіла адвакату Аляксандру Данілевічу 10 гадоў калоніі. Віну ён не прызнаў і настойваў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі.

10.04.2023 / 09:48

Аляксандр Данілевіч

У Мінскім гарадскім судзе 10 сакавіка распачаўся суд над палітзняволеным адвакатам Аляксандрам Данілевічам.

Яго абвінавацілі ў «саўдзеле ў закліках да санкцый» спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Так кваліфікавалі яго адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю так званаму «экстрэмісцкаму» інтэрнэт-рэсурсу «Трыбуне».

Справу разглядала суддзя Таццяна Фалькоўская. Пракурор Таццяна Цыбуля запрасіла для Данілевіча 10 гадоў калоніі. Суддзя з гэтым пагадзілася. 

Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў адносна дзеянняў ва Украіне. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.

Чытайце таксама:

«Помста за смеласць». Што вядома пра адваката Данілевіча, якога забралі ў КДБ?

Nashaniva.com