Колькі адна і тая ж машына з прабегам каштуе ў Беларусі, Літве, Польшчы і Расіі

Intex-press вывучыў папулярныя сайты па продажы патрыманых аўтамабіляў у чатырох краінах і параўнаў цэны на адны і тыя ж маркі і мадэлі. А таксама падлічыў, колькі трэба збіраць на машыну беларусу, літоўцу, паляку і расіяніну, адкладаючы сярэдні заробак па краіне.

09.04.2023 / 11:33

 Ілюстрацыйны здымак. Фота: Intex-press

Нядаўна адзін з мінскіх аўтацэнтраў склаў рэйтынг самых папулярных недарагіх машын з прабегам, якія жыхары нашай краіны часцей за ўсё купляюць у крэдыт.

У тройцы лідараў аказаліся аўтамабілі Volkswagen, Renault і Toyota. Выбралі найболей папулярныя мадэлі гэтых аўто і параўналі цэннікі на іх.

«Гольф» у Беларусі ўдвая даражэйшы, чым у Літве

Адным з самых запатрабаваных патрыманых аўтамабіляў у лінейцы Volkswagen у Беларусі эксперты назвалі Golf. У нашай краіне гэты аўтамабіль каштуе нятанна: да прыкладу, мадэль 2007 года выпуску з дызельным рухавіком абʼёмам 1,9 літра прадаюць за 7 — 7,5 тыс. даляраў у эквіваленце.

За столькі ў Баранавічах прадаюць чорны Volkswagen Golf 2007 года. Фота: av.by

У суседзяў гэтая машына каштуе прыкметна танней. У Расіі, напрыклад, цэны на такую ​​ж мадэль (таго ж года і з такім жа рухавіком) вагаюцца ад 205 да 650 тыс. расійскіх рублёў, што эквівалентна 3,2 — 8,3 тыс. даляраў.

У Польшчы той жа «Гольф» можна купіць яшчэ танней — за 6 — 25 тыс. злотых (прыкладна 1,4 — 5,8 тыс. даляраў). Самыя ж дэмакратычныя цэннікі — у Літве, дзе гэтую машыну прадаюць за 1,4 — 3,5 тыс. еўра (1,5 — 3,8 тыс. даляраў).

«Паркетнікі» ў Еўропе не такія папулярныя

Яшчэ адна папулярная ў беларусаў марка — Renault. Асабліва нашы суайчыннікі палюбілі так званыя «паркетнікі» накшталт Sandero або Duster.

У Беларусі Renault Duster, напрыклад, 2015 года выпуску з бензінавым рухавіком 1,6 літра прадаюць за 11,5 — 15,7 тыс. даляраў у эквіваленце.

Аўтамабіль з тымі ж характарыстыкамі і таго ж колеру ў Літве. Фота: automobilis.lt

У Еўропе гэтыя аўтамабілі прадаюцца пад маркай Dacia. Аднак, мяркуючы па абʼявах на папулярных сайтах па продажы аўто, машыны гэтай мадэлі і маркі за мяжой не настолькі хадавыя, як у Беларусі. У Літве, напрыклад, калі і ёсць прапановы аб продажы Dacia Duster, то адзінкавыя. І альбо год не той, альбо абʼём рухавіка. І, як мы не шукалі, дакладна такой мадэлі не знайшлі.

У Польшчы абʼяў аб продажы гэтай машыны таксама няшмат, а просяць за аўто ад 34,9 да 43,9 тыс. злотых (8,2 — 10,3 тыс. даляраў у эквіваленце).

А вось у Расіі Renault Duster на рынку патрыманых аўто прадстаўлены даволі шырока. Яго кошт вагаецца ад 670 тыс. да 1,2 млн расійскіх рублёў (8,4 — 15,1 тыс. даляраў).

Такі ж аўтамабіль у Расіі. Фота: avito.ru

Цэны на японца не моцна адрозніваюцца

Замыкае тройку лідараў па папулярнасці Toyota. У Беларусі аўтамабіль мадэлі, напрыклад, Camry 2019 года з бензінавым рухавіком абʼёмам 2,5 літра каштуе ад 27,9 да 42,5 тыс. даляраў у эквіваленце.

У Польшчы такая ж машына прадаецца за 96,5 — 149,9 тыс. злотых (22,5 — 34,9 тыс. даляраў), у Расіі — за 880 тыс. — 3,6 млн расійскіх рублёў (10,9 — 44,6 тыс. даляраў). А вось у Літве машыны гэтай мадэлі калі і прадаюць, то гадоў на пяць-дзесяць старэйшыя і, адпаведна, значна таннейшыя.

Колькі трэба зарабіць у розных краінах, каб купіць аўто

Параўнанне цэн паказала, што ў кошце патрыманых аўто Беларусь прайграе краінам-суседкам. Гэта не страшна, калі цэны адпавядаюць узроўню заробкаў у краіне. Але, як аказалася, і ў гэтым нам складана канкураваць з суседзямі.

Сярэдняя заработная плата ў Беларусі складае 1687,8 рубля (апошнія афіцыйныя даныя за люты). Каб набыць самы танны Volkswagen Golf з тых, што разглядалі, сярэднестатыстычнаму беларусу трэба 12 такіх заробкаў (гэта тэарэтычныя разлікі, усе даныя па заробках — да выплаты падаткаў). Гэта значыць, каб назбіраць на машыну, чалавеку ў нашай краіне патрэбны год (вядома, пры ўмове, што ён атрымлівае сярэдні заробак па краіне і будзе цалкам яго адкладваць).

У Расіі сярэдні заробак складае 56,2 тысячы рублёў. Каб купіць самы танны ў Расіі «Гольф», сярэднестатыстычнаму расіяніну трэба адкласці прыкладна чатыры такія заробкі. 

У Польшчы сярэдні заробак складае 6733 злотых, у Літве — каля 1927 еўра. Выходзіць, паляку і літоўцу, каб купіць самы танны ў сваёй краіне «Гольф», патрэбны ўсяго адзін сярэдні заробак па краіне.

Nashaniva.com