Мінскія ўлады забаранілі праводзіць велікодныя службы каля закрытага Чырвонага касцёла

Улады Мінска адказалі адмовай на просьбу каталіцкай парафіі Святога Сымона і святой Алены дазволіць правесці велікодныя службы ў плябаніі і на прылеглай тэрыторыі Чырвонага касцёла, закрытага ўжо больш за паўгода. Просьбу расцанілі як заяўку на масавае мерапрыемства.

08.04.2023 / 18:30

Чырвоны касцёл пасля закрыцця ўладамі. Фота з сацсетак

«Мы звярталіся да ўладаў з просьбай дазволіць Богаслужэнні на Велікодныя ўрачыстасці, аднак атрымалі адказ — нельга. Вось такое «пасхальнае віншаванне». Працягваем далей з вераю маліцца ў інтэнцыі вяртання святыні вернікам і аднаўленні парафіяльнага жыцця. А Хрысту, Які ёсць праўдай і справядлівасцю, даручаем усіх, хто прымае рашэнні», — гаворыцца ў паведамленні касцельнага камітэта.

Там адзначылі, што сёлета «Велікодныя святы для нашай парафіі асаблівыя. Маем нагоду бліжэй дакрануцца і перажыць знявагі, адкінутасць і боль нашага Збаўцы».

«На вялікі жаль, наша святыня да гэтага часу зачыненая. Чырвоны касцёл, які ў пасхальныя дні з малітвай напаўнялі тысячы вернікаў, цяпер пусты. Наш Збавіцель, Які прыняў страшэнныя пакуты за ўсіх людзей, імі ж — людзьмі — выгнаныя са святыні», — з горыччу адзначаюць вернікі.

Як вынікае з апублікаванага адказу Мінгарвыканкама, просьбу аб велікодных службах каля касцёла ўлады расцанілі як заяўку на масавае мерапрыемства, для правядзення якога трэба загадзя аплачваць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў.

«Пададзеная вамі заява не адпавядае патрабаванням закона (…) Мінгарвыканкам не ўзгадняе правядзенне заяўленых масавых мерапрыемстваў і паведамляе аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства», — гаворыцца ў адказе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Арцёма Цурана.

Чытайце таксама:

Анлайн-трансляцыі на партале Catholic.by з велікоднай імшы ў архікафедральным касцёле не будзе

Адстаўка Завальнюка — умова вяртання Чырвонага касцёла

Святарам дазволілі зайсці ў закрыты Чырвоны касцёл. Разрухі, пра якую гавораць улады, яны там не пабачылі

Nashaniva.com