У Беларусі знікнуць папулярныя малочныя брэнды Activia і Actimel
Французскі вытворца малочнай прадукцыі Danone плануе адмовіцца ад брэндаў Activia, Alpro, Actimel і Danone ў Расіі. Гэта значыць, што іх не стане і ў Беларусі, бо для нашага рынку гэтыя тавары вырабляліся за ўсходняй мяжой, піша Office Life.
07.04.2023 / 22:47
Фота: activia.by
Крыніца на расійскім рынку, знаёмая з планамі замежнага прадпрыемства, расказала газеце «Известия», што вытворца можа выкарыстоўваць лакальныя імёны для тых тавараў, якія цяпер прадаюцца пад асноўнымі маркамі. Да традыцыйных малака, кефіру, тварагу, смятаны «Прастаквашына» кампанія можа дадаць ёгурты, тварожныя дэсерты і іншую прадукцыю.
У Беларусь малочныя прадукты пад брэндамі Danone завозілі з Расіі — адпаведна, брэндаў Activia, Alpro, Actimel і Danone не стане і ў нас.
Danone стала ўладальнікам малакаперапрацоўчых актываў у Беларусі ў другой палове 2010-х у выніку паглынання свайго расійскага канкурэнта — групы «Юнімілк». Да канца 2021 года ёй, акрамя мясцовай гандлёвай «дачкі» «ДанонБел», належалі тут кантрольныя долі ў двух заводах — «Данон Пружаны» і «Данон Шклоў».
У канцы 2021 года прадпрыемства «Данон Пружаны», на якім вырабляліся такія брэнды, як «Прастаквашына», «Смяшарыкі» і «Расцішка», было рэарганізаванае ў кампанію «Пружаны індустрыя». У маі 2022-га яно было далучанае да былога партнёра па СП — Пружанскага малочнага камбіната. Ліквідацыя бізнэсу з боку Danone не каментавалася.
У ліпені 2022 года кампанія «Мілкстрэйт» стала ўладальнікам 49% долі ў «Данон Шклоў», якой раней валодаў Шклоўскі масларобны завод.