У Брэсцкай вобласці мужчын масава забіраюць на зборы, могуць падняць з ложка

Апошнія дні з розных раёнаў Брэсцкай вобласці прыходзяць сведчанні пра тое, што вайсковабавязаных мужчын забіраюць на вайсковыя зборы. Прытым робіцца гэта так, што выклікае шмат пытанняў і чутак. Мужчын забіраюць з дому, з вуліцы, з працоўных месцаў, камусьці ўручаюць позвы, а камусьці — не.

06.04.2023 / 18:49

Вайсковаабавязаныя на зборным пункце ў Брэсце. Скрыншот з відэа

Сёння выданне «Медыя-Палессе» паведаміла, што такая кампанія прайшла ў Лунінцы:

«Майго калегу забралі проста з ложка, — паведаміў работнік аднаго з прадпрыемстваў горада. — Як расказала ягоная жонка, у дамафон раніцай патэлефанавалі, назваўшыся суседзямі. Яна адчыніла. Далей невядомыя ўвайшлі ў кватэру, паднялі мужа з ложка. Сабрацца толкам не далі і адвялі. Ніякай даведкі для працы не пакінулі».

Далей стала вядома, што мужчыну разам з іншымі павезлі аўтобусам у Слонім. Нібыта там знаходзіцца мабілізацыйны цэнтр. Там абвясцілі, што месцаў няма, і адпусцілі, але ўжо з позвай.

Са слоў іншага жыхара Лунінца, мужчын збіраюць каля гарадскога Дома культуры і грузяць у аўтобусы. Гэта людзі рознага веку, быў нібыта нават мужчына 1971 года нараджэння. Асабліва попыт на кіроўцаў і кухараў.

Пра тое, што прыблізна тое самае адбываецца і ў Баранавічах, на падставе сведчанняў сваіх чытачоў паведамляла ўчора мясцовае выданне Intex-press. Позвы, па словах гараджан, многім прывозілі проста на месцы працы.

«Брат пайшоў на працу, а там яму паведамілі, што прыйшлі позвы і трэба іх забраць. Уручылі яму і яшчэ дзесяці чалавекам з яго працы», — распавяла Intex-press чытачка. У позвах было пазначана, якога чысла і куды чалавек павінен з'явіцца, а таксама якія рэчы неабходна мець пры сабе («спраўнае адзенне і абутак, сродкі гігіены, ежу на суткі, пашпарт, вайсковы білет»). Ніякай дадатковай інфармацыі, па словах вайсковаабавязаных, ім не паведамлялі.

«Мяне выклікалі на 3 гадзіны ночы ў суботу ў Лядовы палац. Турбуе, што зборы ноччу, не пазначаны іх дакладны тэрмін, а таксама тое, што ў позве пазначаная мэта «мабілізацыя, мабілізацыйныя зборы, спецыяльныя зборы», але патрэбнае не падкрэслена», — падзяліўся сваімі думкамі з нагоды маючых адбыцца збораў адзін з «прызыўнікоў».

З аповедаў чытачоў вынікае, што на зборы забіраюць у асноўным тых, хто служыў у войску (войскі называліся розныя), вязуць іх у Слонім, тэрмін — «да 35 сутак». Сваякі занепакоеныя тым, што мужчын забіраюць масава, нічога толкам не тлумачаць.

«Мужу ўвечары прынеслі на працу позву, а раніцай забралі ў Слонім. Брата таксама забралі, хоць ён ужо быў на зборах, года не прайшло. Вельмі страшна, ці мала куды могуць адправіць зараз», — адзначыла жонка аднаго з вайсковаабавязаных.

Пра тое ж самае, але ўжо ў самім абласным цэнтры напісала выданне «Зеркало». Як расказаў суразмовец выдання Мікалай, увечары 3 красавіка ў Брэсце пачалі масава ўручаць позвы ў ваенкамат. А калі не атрымлівалася аддаць асабіста, прыносілі на працу. Позву атрымаў у тым ліку сын Мікалая Аляксей.

«Учора, 4 красавіка, сын пайшоў на працу, а там яму ўручылі позву. І адразу сказалі з’явіцца да 9-й раніцы ў Цэнтр алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы. Пакуль сын быў на сувязі, то расказваў, што пры ім чалавек 400 пасадзілі ў аўтобусы і адправілі кудысьці ў кірунку Гродна. У людзей з сабой нічога няма, ні сродкаў, ні гігіены, у многіх праца, нейкія справы, — са слоў Аляксея апісвае сітуацыю Мікалай. — Сын паведаміў супрацоўнікам ваенкамата, што задзейнічаны ў вытворчасці і патрэбны на сваім прадпрыемстве, гэта нават пацвердзіў яго дырэктар. Толькі ніхто не стаў слухаць.

Дзесьці ў тры гадзіны дня паспеў паведаміць, што вязуць у бок Пружанаў, і тэлефоны сталі недаступныя. Дырэктар прадпрыемства ў шоку ад такога развіцця падзей, на вытворчасці без сына наогул ніяк. Але ніхто нават не паглядзеў на гэта.

Усіх пад грабянец — і ў аўтобус. Нейкая дзікасць. Няўжо нельга па-людску, даць сабрацца, вырашыць працоўныя моманты і да таго падобнае? У яго з сабой жа нічога няма, ён проста прыйшоў на працу».

Што з сынам і дзе ён, Мікалай не ведаў цэлы дзень. Толькі 4 красавіка ўвечары, пасля сёмай гадзіны, малады чалавек выйшаў на сувязь і расказаў, што знаходзіцца ў вайсковай часці.

«Ён патэлефанаваў літаральна на хвіліну — няма зарадкі, беражэ акумулятар, — кажа суразмовец. — Ніхто ў часці нічога не ведае: навошта, на колькі, што рабіць з імі і гэтак далей. Афіцэры самі ў такім жа шоку. Іх, падобна, гэтак жа раніцай перад фактам паставілі, яны нават не ведаюць, на колькі людзей разлічваць, а аўтобусы прыбываюць. Сын расказаў, што выдалі форму і далі пасцелю, а наогул адбываецца нейкі хаос, ніхто не ведае, што рабіць далей».

Вайсковыя камісары ад афіцыйных тлумачэнняў звычайна ўстрымліваюцца, каментуюць толькі некаторыя. Так,

вайсковы камісар Брэста і Брэсцкага раёна Валерый Касянюк у эфіры дзяржканала заявіў, што «мерапрыемствы носяць планавы характар, прызначаны яны з мэтай праверкі баявой гатоўнасці злучэння і не носяць характару мабілізацыі».

Чытайце таксама:

«Дома мяне чакае любімая мама». На цяперашнія зборы выклікаюць і жанчын-медыкаў

У Мінабароны расказалі, колькі чалавек выклічуць на зборы

Зборы тэрытарыяльных войскаў пачаліся ў Гродзенскай вобласці

Nashaniva.com