Фільм «Тэтрыс»: як замежныя бізнэсмены куплялі правы на сусветна вядомую гульню ў савецкага інжынера

Насамрэч гэта фільм пра нечаканае сяброўства паміж двума мужчынамі з розных сусветаў — капіталізму і камунізму. Стужка атрымалася не надта захапляльнай, але роўнай і вытрыманай у сваім тоне і стылістыцы, месцамі нават забаўнай. На сайце рэцэнзій Rotten Tomatoes 80% са 148 водгукаў крытыкаў станоўчыя, з сярэдняй ацэнкай 6,6/10.

08.04.2023 / 14:49

Тэран Эджэртан у ролі бізнэсмена Хэнка Роджэрса. Фота: Apple+

Tetris быў створаны ў 1984 годзе, і з таго часу прададзена больш за 520 мільёнаў яго копій. Мала хто ведае, што гэту гульню прыдумаў савецкі інжынер Аляксей Пажытнаў (цяпер яму 67 гадоў і ён жыве ў ЗША). У цэнтры сюжэта новай стужкі ад Apple+, якая выйшла 31 сакавіка, — гісторыя Пажытнава, расказаная замежнікамі.

Дакладней, гэта не зусім гісторыя Пажытнава: галоўны герой — галандскі прадпрымальнік Хэнк Роджэрс, які змагаецца за тое, каб купіць у Аляксея правы на гульню. У 1988 годзе на выставе ў Лас-Вегасе Хэнк бачыць на суседнім стэндзе «Тэтрыс» і разумее, што гэта патэнцыйны хіт. Хэнк рашае набыць правы на гульню і даведваецца, што яе прыдумаў інжынер з Масквы.

Але Савецкі Саюз — краіна, закрытая для замежнікаў, і выкупіць правы на штосьці ў прыватнай асобы немагчыма, не спытаўшы дазволу ў КДБ. Натуральна, спецслужбы ўбачаць у намерах Хэнка пагрозу самому камунізму. «Герой хоча падзяліцца сваёй знаходкай са светам, але трапляе ў небяспечнае павуцінне хлусні і карупцыі за жалезнай заслонай», — так адзначыла кампанія Apple ў апісанні да фільма.

Безумоўна, фільм пакажа ўсе вядомыя стэрэатыпы пра жыццё ў Савецкім Саюзе: суровыя інтэр’еры, спробы купіць джынсы з-пад крыса і жыццё грамадзян «на карысць радзімы». Для сярэдзіны 80-х дэкарацыі выглядаюць надзвычай змрочна, але такой была аўтарская задума. Дарэчы, фільм быў цалкам зняты ў Шатландыі, і «краявіды Масквы» знятыя там жа.

Побач з прадпрымальным, жыццелюбівым і поўным аптымізму Хэнкам Роджэрсам Аляксей Пажытнаў выглядае даволі кантрасна — ён «ціхі геній», які не ставіць у жыцці нейкіх амбіцыйных мэт. Але калі пачне разгарацца міжнацыянальная бізнэс-заваруха, стане зразумела, што паміж героямі больш падабенстваў, чым здаецца на першы погляд.

Галандскі бізнэсмен Хэнк Роджэрс (акцёр Тэран Эджэртан) і савецкі праграміст Аляксей Пажытнаў (Мікіта Яфрэмаў). Фота: Apple+

У стужцы з’явіцца нават Міхаіл Гарбачоў (Мэцью Марш), які размаўляе па-руску з акцэнтам, — і не для фону, а каб акцэнтаваць увагу на палітычным пераломе, намечаным гарбачоўскай палітыкай. Такім чынам, гісторыя з «Тэтрысам» становіцца прадвеснікам вялікіх перамен, што адбудуцца ў дзевяностыя.

Сярод недахопаў фільма можна назваць надзвычай заблытаную юрыдычную гісторыю куплі правоў, у якой глядач хутка згубіцца (між іншым, гэта гісторыя і ёсць рухавіком сюжэта, таму назіраць за яе развіццём, мала што разумеючы, часамі будзе стомна). А сярод пераваг — арыгінальнае ўпляценне графічных элементаў тэтрыса і музыкі камп’ютарных гульняў 80-х. Гэта добра працуе на карысць атмасферы і задае гуллівы і лёгкі тон. Пры гэтым з другой паловы стужкі ў ёй выразна загучаць зусім іншыя ноты — змрочныя і напружаныя. Але ў агульнай канве фільма нават яны не будуць успрымацца празмерна драматычна.

«Тэтрыс» не прэтэндуе на ўзнаўленне гістарычных падзей (шмат што з сапраўднай гісторыі правоў на «Тэтрыс» у ім зменена), не паказвае наватарскага бачання савецкіх рэалій і не прапануе неверагодных сюжэтных паваротаў. Але гэты дастаткова лёгкі і вытрыманы ў сваёй стылістыцы фільм чарговы раз нагадвае пра тое, наколькі няпростыя часам былі адносіны Савецкага Саюза з астатнім светам. І наколькі насамрэч няцяжка паразумецца людзям нават з розных канцоў свету, калі ў іх ёсць агульныя каштоўнасці.

Чытайце яшчэ:

У амерыканскім фільме паказалі вельмі дзіўную Беларусь ФОТЫ

Топ серыялаў ад журналістаў «Нашай Нівы». Некаторыя з іх дакладна стануць адкрыццём для вас

«Мяне завуць Джардані Ёванавіч, я дзіця Украіны». Украінскі кінапракат замахнуўся амаль на святое

Nashaniva.com