Справу супраць Яўгена Меркіса перадалі ў суд

Судзіць былога журналіста, гісторыка і краязнаўца будзе Гомельскі абласны суд — менавіта туды пракуратура перадала матэрыялы справы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Дата пачатку суда пакуль невядомая.

05.04.2023 / 19:48

Яўген Меркіс

Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года, абвінаваціўшы паводле арт. 361-4 КК Беларусі — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». У чым канкрэтна выявілася «садзейнічанне», не паведамляюць дагэтуль. Пасля затрымання па месцы жыхарства журналіста адбыўся ператрус з выняццем носьбітаў інфармацыі. Ператрусы праведзеныя былі таксама па месцы жыхарства бацькі Яўгена, а таксама ў ягоных сяброў.

Ад верасня 2022 года Яўген утрымліваецца ў гомельскім СІЗА № 3. Сёлета ў сакавіку пасля заканчэння следства ён меў кароткатэрміновую сустрэчу з роднымі. На здароўе не скардзіўся, хоць прастудных захворванняў не абмінуў. У снежні пабываў у карцары нібыта за тое, што не пагаліўся.

Да затрымання Меркіс ужо шмат месяцаў не працаваў журналістам. Журналісцкую дзейнасць яму давялося пакінуць з прычыны таго, што шэраг незалежных СМІ, у тым ліку і тыя, з якімі ён супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Як гісторык паводле адукацыі, Яўген засяродзіўся на краязнаўстве. Атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Таксама ён валодае і англійскай мовай, у СІЗА спрабаваў вывучыць яшчэ і французскую, але, наколькі вядома, меў цяжкасці з атрыманнем падручнікаў.

Яўгену Меркісу пагражае ад двух да шасці гадоў зняволення.

Чытайце таксама:

Яшчэ 17 чалавек прызналі палітвязнямі

Адваката Арцёма Сям'янава зноў арыштавалі на 15 сутак

У Гомелі адбылася чарговая аблава сілавікоў

Nashaniva.com