У Ліване браканьеры страляюць буслоў дзеля забавы

Калі для нас буслы — сімвал міру і шчасця і мы нецярпліва чакаем іх вясной, то ў іншых частках свету яны аб'ект забавы самага нізкага ўзроўню, піша Gazeta.pl. Браканьеры ў Ліване накіроўваюць зброю ў неба кожны раз, калі бачаць у ім буслоў.

05.04.2023 / 17:40

Фота: facebook.com/CABSREPORTS

Пра гэтую ганебную практыку, папулярную у гэтай невялікай блізкаўсходняй краіне, паведамляе Камітэт супраць забівання птушак (CABS), які адсочвае незаконны адстрэл буслоў.

«Цяжка паверыць, але буслоў, якія спрабуюць вярнуцца на месца гнездавання, у Ліване масава адстрэльваюць браканьеры», — напісана на старонцы арганізацыі ў фэйсбуку.

У Ліване да адстрэлу буслоў ставяцца як да забавы. Ліванскія сілы бяспекі арыштавалі аднаго чалавека пасля таго, як актывісты ўбачылі, як група браканьераў страляла ў чараду з каля 500 буслоў. Было яшчэ шмат падобных інцыдэнтаў, расследаванне працягваецца.

Бернард Абі Надэр, ветэрынар, які падрыхтаваў справаздачу аб сітуацыі з мігруючымі птушкамі ў Ліване для Камітэта супраць забівання птушак (CABS), патлумачыў у інтэрвʼю, апублікаваным на сайце bociany.pl, што птушак забіваюць не для спажывання.

«Іх забіваюць паляўнічыя-аматары, якія вельмі маладыя і не маюць ведаў аб паляванні. Яны лічаць паляванне забаўкай, гульнёй (…).

Паляванне — частка ліванскай культуры, але часцей за ўсё самым вялікім поспехам яны лічаць адстрэл птушак, якія ахоўваюцца. Аднак гэта прыводзіць да канфлікту паміж эколагамі і паляўнічымі», — растлумачыў ветэрынар.

Бернард Абі Надэр растлумачыў, што хоць паляванне на буслоў у Ліване забаронена з 2004 года, забарона не выконваецца. «Людзі не паважаюць і недаацэньваюць гэтых птушак», — падкрэсліў ліванец.

Чытайце таксама:

У пошуках ежы буслы выйшлі на палескія дарогі ФОТА і ВІДЭА

Як жыхары вёскі ў Крычаўскім раёне прытулілі на зіму бусла 

На Палессі пабачылі першых буслоў, што прыляцелі з выраю. Сёлета яны вярнуліся раней, чым звычайна

Nashaniva.com