Дуда расказаў, колькі знішчальнікаў МіГ-29 Польшча перадае Украіне

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што ягоная краіна ўжо падрыхтавала да перадачы Украіне восем знішчальнікаў МіГ-29. Пра гэта ён сказаў у Варшаве на супольнай прэс-канферэнцыі з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, піша «Еўрапейская праўда».

05.04.2023 / 16:25

Дуда паведаміў, што чатыры знішчальнікі былі перададзены ўкраінскім Узброеным сілам у апошнія месяцы і яшчэ чатыры зараз перадаюцца, гэта значыць, усяго восем.

«Мы гатовыя, я гаварыў пра гэта з прэзідэнтам, перадаць яшчэ шэсць, якія цяпер рыхтуюцца для гэтага. Мы мяркуем, што яны могуць быць перададзены даволі хутка», — сказаў Дуда.

Польскі прэзідэнт таксама дадаў, што ў Польшчы яшчэ застаюцца МіГі, якія прайшлі мадэрнізацыю і цяпер адаптаваныя да стандартаў НАТА, у першую чаргу з пункту гледжання сувязі, пытанняў, звязаных з магчымасцю выконваць, напрыклад, місію паветранай паліцыі ў рамках НАТА.

«Гэтыя МіГі нам яшчэ спатрэбяцца, але яны будуць знаходзіцца на ўзбраенні разам з новымі самалётамі, якія паступяць у наша распараджэнне… Я лічу, што ў будучыні мы зможам перадаць увесь наш парк самалётаў МіГ-29, які застаўся, калі гэта будзе неабходна. З пункту гледжання іх перадачы, спатрэбіцца згода саюзнікаў, у першую чаргу ЗША», — дадаў Анджэй Дуда.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў з афіцыйным візітам у Польшчу

Польшча перадала Украіне першыя МіГ-29

Прэм'ер Польшчы паабяцаў больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за згоду прыняць ядзерную зброю

Nashaniva.com