У Белавежскай пушчы падлічылі ўсіх зуброў

У Белавежскай пушчы скончылі зімовы ўлік зуброў: на пачатак года колькасць статка склала 730 асобін — на 27 больш, чым летась. Такая інфармацыя апублікаваная на афіцыйным сайце Нацыянальнага парку.

05.04.2023 / 10:04

Працаёмкія работы вяліся ў студзені-сакавіку з дапамогай аптычных сродкаў назіранняў і метадам фатаграфавання з квадракоптара. Вынікі сведчаць, што тэндэнцыя штогадовага павелічэння колькасці зуброў у Белавежскай пушчы захоўваецца.

На працягу 2022 года тут нарадзілася 103 цяляці. Большую частку зубрынага статка (51,2%) складаюць дарослыя самкі (старэйшыя за 3,5 года) — іх налічылі 374. Пятую частку (21%) — маладняк ад паўтара да 3,5 года. Дарослых самцоў налічана 100 асобін (13,7%).

Папуляцыя па-ранейшаму размеркавана па пяці асноўных тэрытарыяльных групоўках. Самы шматлікі статак знаходзіцца ў паўднёвай частцы пушчы (Сухапольскае, Шарашэўскае, Ясеньскае, Пашукоўскае, Каралёва-Мастоўскае лясніцтвы) — там пражывае 323 зубры. Паўднёва-заходнюю групоўку (Бялянскае, Дзмітравіцкае лясніцтвы) утвараюць 134 жывёлы. Паўночна-ўсходнюю (Навадворскае, Поразаўскае лясніцтвы) — 142 асобіны. Менш за ўсё зуброў налічваецца ў цэнтральнай (Хвойніцкае лясніцтва) і паўночнай (Свіслацкае лясніцтва) частках пушчы — 67 і 56 асобін адпаведна.

Акрамя таго, 8 зуброў утрымліваюцца ў экскурсійных вальерах.

У польскай частцы Белавежскай пушчы на пачатак 2023 года налічвалася 829 зуброў, у тым ліку 138 цялят.

Nashaniva.com