Агракамбінат «Дзяржынскі» працягвае пашырацца, далучае «Мінскі мясакамбінат»
Паведамленне аб тым, што «Мінскі мясакамбінат» пераходзіць да ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», з'явілася на Адзіным партале фінансавага рынку. Адпаведнае рашэнне было прынятае акцыянерамі «Мінскага мясакамбіната» 30 сакавіка, піша Reform.by.
04.04.2023 / 17:29
Фота: Яндэкс Карты
«Парадак размеркавання акцый сярод удзельнікаў акцыянернага таварыства пры рэарганізацыі не ўстаноўлены», — гаворыцца ў паведамленні. Абодва прадпрыемствы кантралююцца дзяржавай.
Пасля далучэння «Мінскага мясакамбіната» агракамбінат «Дзяржынскі» ўзмоцніць свае пазіцыі ў якасці аднаго з найбуйнейшых аграрных прадпрыемстваў краіны. У апошнія гады ён значна пашырыўся за кошт паглынання іншых дзяржаўных актываў.
Так, у 2021 годзе прадпрыемства атрымала ў кіраванне ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка», а на пачатку гэтага года канчаткова завяршыла працэс яе далучэння. Акрамя таго, нядаўна да агракамбіната былі далучаныя КСУП «Логавішча-Агра», размешчанае ў вёсцы Логавішча Дзяржынскага раёна, і ААТ «Кастрычніцкая рэвалюцыя», якое знаходзіцца ў вёсцы Грычына таго ж раёна.
Чытайце таксама:
У Баранавічах пачаўся суд над былым дырэктарам птушкафабрыкі «Дружба». Працэс закрыты