Твітар Маска паніжае рэйтынг любой публікацыі пра вайну ва Украіне

Ілан Маск называў сябе «абсалютыстам свабоды слова». Пры гэтам выявілася, што Twitter строга даўнгрэйдзіў любыя тэмы, якія тычацца вайны ва Украіне, зніжаючы рэйтынг падобных публікацый аналагічна як публікацый з прапагандай гвалту і нянавісці.

05.04.2023 / 20:36

Фота: vecteezy

Падрабязную інфармацыю пра зыходны код апублікаваў Аакаш Гупта, менеджар па прадуктах, які працаваў у буйных тэхналагічных кампаніях, уключаючы Google і Epic Games. Маск апублікаваў код у канцы мінулага тыдня, але толькі пасля таго, як некаторыя часткі кодавай базы пратачыліся ў інтэрнэт.

Аналіз, праведзены Гуптай і іншымі карыстальнікамі, паказвае, што ўвесь кантэнт у раздзеле «не ўзмацняць» (do not amplify), атрымлівае «велізарнае паніжэнне» ў рэйтынгу публікацый. Такім чынам любая тэма са спісу аказваецца расплюснутай у рэйтынгах і патрабуе «велізарных контрдоказаў, каб выжыць».

6. Misinformation is highly down-ranked

Anything that is categorized as misinformation gets the rug pulled out from under it.

Surprisingly, so are posts about Ukraine. pic.twitter.com/MgLUOmDbSZ

— Aakash Gupta Product Growth Guy (@aakashg0) April 1, 2023

Перш чым апублікаваць код, Маск напісаў, што нават яго ўласная каманда не да канца разумее алгарытмы Twitter і што «людзі выявяць шмат дурасцяў, але мы будзем выпраўляць праблемы, як толькі яны будуць знойдзеныя». Тым не менш, радок кода, нацэлены на што заўгодна адносна вайны ва Украіне, вельмі спецыфічны ў параўнанні з катэгорыямі «высокая таксічнасць», «гвалт», «увядзенне ў зман» або «нянавісць».

Выданне Gizmodo хацела звярнуцца да Twitter па каментарый, але Маск зрабіў так, каб медыя-акаўнт Twitter аўтаматычна адказваў толькі адной эмодзі — «какашкай».

Незразумела, калі гэтая фіча была дададзеная. Мажліва, самым лагічным тлумачэннем паніжэння значэння навін Украіны была б барацьба з прарасійскімі ботамі і акаўнтамі, звязанымі з Расіяй, што распаўсюджваюць дэзынфармацыю пра вайну. Так, NBC News яшчэ ў 2018 годзе апублікаваў базу даных з 200 000 твітаў, звязаных з прарасійскімі акаўнтамі (хаця большасць з іх была забаненая да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расіян ва Украіну). Але ж дагэтуль існуе шэраг афіцыйных расійскіх акаўнтаў, якія актыўна распаўсюджваюць непраўдзівыя звесткі пра ваенную агрэсію Расіі.

Спадар Гупта напісаў, што, па словах неназванага інжынера Twitter, тая частка кода, што пратачылася ў інтэрнэт, складае толькі 20% фактычнага кода Twitter. Таму цяжка правесці рэальныя тэсты, каб убачыць, як будзе працаваць паведамленне пра Украіну, напрыклад, на фіктыўнай версіі сайта.

Маск рэгулярна дзяліўся сваімі «асцярогамі» наконт таго, што вайна ва Украіне можа ператварыцца ў «Трэцюю сусветную вайну». Уладальніку Twitter прыйшлося апраўдвацца наконт таго, чаму ён спрабаваў абмежаваць доступ вайскоўцаў да камерцыйных тэрміналаў Starlink праз сваю кампанію SpaceX пасля таго, як паставіў Украіне абсталяванне і даў доступ да спадарожнікавай сеткі (дзякуючы значнай фінансавай падтрымцы ўрада ЗША).

У кастрычніку мінулага года, незадоўга да таго, як узначаліць Twitter, Маск апублікаваў апытанне з прапановамі, як магчыма дасягнуць «міру паміж Украінай і Расіяй». Прапановы гэтыя ўключалі сур’ёзныя саступкі на карысць Расіі: у прыватнасці, Крым застаецца часткай Расіі, а Украіна вымушаная заставацца «нейтральнай», гэта значыць, фактычна безабароннай перад Расіяй. За твіт Маска жорстка раскрытыкавалі як заходнія, так і ўкраінскія карыстальнікі. Ян Брэмер, заснавальнік кансалтынгавай кампаніі па палітычных рызыках Eurasia Group, сцвярджаў, што Маск напісаў гэты твіт пасля размовы з Пуціным, але Маск, канешне, абверг гэтую заяву.

Ukraine-Russia Peace:

- Redo elections of annexed regions under UN supervision. Russia leaves if that is will of the people.

- Crimea formally part of Russia, as it has been since 1783 (until Khrushchev’s mistake).

- Water supply to Crimea assured.

- Ukraine remains neutral.

— Elon Musk (@elonmusk) October 3, 2022

Апытанне Маска з «прапановамі» дасягнення міру ва Украіне

Nashaniva.com