З-за чэргаў на польскай мяжы ўладальнікі першачарговых пропускаў не могуць імі скарыстацца
Уладальнікі першачарговых пропускаў часова будуць заязджаць на памежны пераход «Казловічы — Кукурыкі» па жывой чарзе, паведаміў Дзяржпагранкамітэт Беларусі.
04.04.2023 / 16:26
Прычынай такой меры называецца вялікая колькасць фур на беларуска-польскай мяжы.
«Да скасавання часовых абмежаванняў уладальнікі гэтых пропускаў павінны заязджаць на пункт пропуску ў парадку агульнай чаргі», — падкрэслілі ў Камітэце.
Пасля адмены абмежаванняў пропускі зноў запрацуюць, а тэрмін іх дзеяння працягнуць на той час, пакуль працавала опцыя «толькі жывая чарга».
Праблемы з чэргамі на мяжы ўтварыліся пасля рашэння польскага ўрада аб закрыцці памежнага перахода ў Баброўніках пасля вынясення ў Беларусі жорсткага прысуду журналісту і польскаму актывісту Андрэю Пачобуту. Пасля таго для грузавога транспарту на беларуска-польскай мяжы застаўся толькі адзін пераход паміж Казловічамі і Кукурыкамі.
3 красавіка на межах Беларусі і ЕЗ усяго стаяла 2190 фур. У Казловічах па даных на гэтае ж чысло стаяла звыш 800 грузавых машын, такая ж колькасць застаецца і цяпер.
Чытайце таксама:
Чэргі з фур на мяжы з Еўрасаюзам меншымі не становяцца — Пагранкамітэт
Чарга з фур на беларуска-польскай мяжы расцягнулася на 30 кіламетраў
Як закрыццё «Баброўнікаў» і іншыя абмежаванні паўплывалі на дастаўку тавараў