Лукашэнка зноў ляціць у Расію
5-6 красавіка Аляксандр Лукашэнка здзейсніць рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю, паведамляе яго прэс-служба.
04.04.2023 / 15:21
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: AP
5 красавіка Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правядуць асобную двухбаковую сустрэчу. На ёй яны абмяркуюць, як піша прэс-служба, шырокі спектр пытанняў беларуска-расійскіх адносін, уключаючы тыя, якія не падлягаюць абмеркаванню на Вышэйшым дзяржаўным савеце: імпартазамяшчэнне, паглыбленне кааперацыі, развіццё высокатэхналагічных галін. У ліку тэм будуць і міжнародная абстаноўка, меры па гарантаванні бяспекі.
6 красавіка Лукашэнка возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Удзельнікі мерапрыемства разгледзяць «ход выканання асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і саюзных праграм».
Яшчэ адна ключавая тэма — «распрацоўка канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы».