«Беларуськалій» падаў у суд на нямецкі канцэрн Siemens Energy
Беларускія калійшчыкі патрабуюць ад немцаў завяршыць сэрвіснае абслугоўванне газатурбіннага рухавіка і затым вярнуць яго ў Салігорск.
04.04.2023 / 14:51
Фота: БелТА
Cудовыя разборы паводле іску «Беларуськалія» да зарэгістраванай у Расіі кампаніі «Нафтагаз і энергетыка» (100% дачкі Siemens Energy) стартуюць 7 красавіка ў Арбітражным судзе Масквы, піша Office Life.
Кошт прадмета спрэчкі, на які прэтэндуе «Беларуськалій», спасылаючыся на ўмовы дамовы ад красавіка 2021 года, — £2,1 млн ($2,6 млн).
Згодна з матэрыяламі справы, іск быў накіраваны ў суд у канцы 2022-га і тады ж быў прыняты да разгляду. У лютым 2023 года адбылося папярэдняе пасяджэнне, на якім суддзя запытаў ад беларускага боку арыгіналы дакументаў аб тым, што рухавік знаходзіцца ў адказчыка, і дакументы па яго кошце, а ад немцаў пры нязгодзе з данымі істца — свой контрразлік. Істца і адказчыка яшчэ раз заклікалі вырашыць спрэчку шляхам заключэння міравога пагаднення.
Нямецкі канцэрн Siemens, які з'яўляецца адным з акцыянераў Siemens Energy, вясной мінулага года заявіў, што спыняе пастаўкі на рынкі Беларусі і Расіі і цалкам сыходзіць з апошняга. У канцы 2022 года пачалася ліквідацыя «дачкі» Siemens Energy ў Беларусі — кампаніі «Сіменс Энергетыка». Але ў студзені 2023-га гэтая фірма разам з сотнямі іншых замежных кампаній папоўніла спіс актываў, забароненых да адчужэння.
Чытаць таксама:
Зяленскі ўвёў санкцыі супраць «Беларуськалія» і «Белгазпрамбанка»
Аб'ёмы здабычы на «Беларуськаліі» ў 2022 годзе зменшыліся на 60%