Шайгу: Самалёты беларускай штурмавой авіяцыі атрымалі здольнасць несці ядзерныя зарады
Самалёты беларускай штурмавой авіяцыі атрымалі здольнасць несці ядзерныя зарады. Пра гэта сёння заявіў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу на нарадзе з кіраўніцтвам Узброеных сіл Расіі.
04.04.2023 / 12:45
«Частка беларускіх самалётаў штурмавой авіяцыі атрымала здольнасць наносіць удары па аб'ектах праціўніка сродкамі паражэння ў ядзерным аснашчэнні. Акрамя таго, Узброеным сілам Беларусі перададзены аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М». Ён можа выкарыстоўваць ракеты, як у звычайным, так і ў ядзерным выкананні. З 3 красавіка на адным з расійскіх палігонаў пачатае навучанне беларускіх разлікаў парадку яго прымянення для абароны Саюзнай дзяржавы», — сказаў ён.
Чыноўнік не ўдакладніў, якія менавіта тыпы баявых самалётаў падрыхтаваныя для нясення ядзернай зброі.
«НАТА праводзіць комплекс мерапрыемстваў па павышэнні баявой гатоўнасці аб'яднаных Узброеных сіл, актывізуе вучэбна-баявую і разведвальную дзейнасць паблізу межаў Расіі і Беларусі. Найбліжэйшым часам чальцом альянсу стане Фінляндыя. Зразумела, усё гэта стварае рызыкі істотнага пашырэння канфлікту, але на зыход спецыяльнай аперацыі не паўплывае. У гэтых умовах мы прымаем меры ў адказ, адстойваем бяспеку Саюзнай дзяржавы», — сказаў ён.
Беларускія разлікі «Іскандэраў» адправіліся ў Расію для практычнай падрыхтоўкі