«Каб аднойчы вярнуцца дахаты». Ганна Шаркунова напісала песню на словы Максіма Знака
Ганна Шаркунова напісала песню на словы зняволенага на 10 гадоў калоніі юрыста Максіма Знака. Пра гэта яна напісала ў сваім акаўнце ў інстаграме.
04.04.2023 / 12:11
«Два гады таму ў стужцы ФБ я ўбачыла ліст Максіма Знака… з турмы. Там ён прасіў каго-небудзь з музыкантаў скласцi мелодыю на яго вершы. У тую ж хвіліну яна і загучала ў маёй галаве. З таго часу прайшло шмат падзей… але ўсе гэтыя месяцы я насіла гэтую мелодыю ўнутры, спявала яе…. і ведала, што абавязкова зраблю з яе песню», — напісала Ганна.
«Тэма дзяцей баліць мне асабліва. Дзяцей, якія чакаюць бацькоў з турмаў… Тысяч і тысяч дзяцей, змушаных пакінуць Радзіму разам з бацькамі — у невядомасць… Цэлае пакаленне дзяцей, якіх Беларусь можа страціць… або ўжо страціла назаўжды…
Але мы будзем працягваць кахаць і радавацца, мы будзем убіраць у сябе ўсё найлепшае з гэтага вялізнага і яскравага свету. Мы будзем працягваць жыць для нашых дзяцей!.. І абавязкова захаваем у іх сэрцы часцінку Беларусі….Каб аднойчы вярнуцца разам з імі дадому.
Гэтая дарога можа быць доўгай і цяжкай. Яна можа заняць усё жыццё. Але вельмі хочацца сустракаць па дарозе добрыя Знакі. Знакі надзеі, што ўсё абавязкова будзе добра», — зазначае Ганна.
Пра што спяваецца ў песні:
Колькі незнаёмых
і неверагодных,
Сёлета ўбачыў упершыню
Новых маіх родных
Некалькі мільёнаў
Сёлета знайшоў сваю сям'ю
Станавіся побач і спявай
Каб пачуў неверагодны край
Мы былі братамі
Ды жылі гадамі
Кожны паасобку, сам сабе
Хтосьці раз’яднаў нас
І ад нас хаваў нас
Зараз новы ранак настае
Як, з якіх глыбіняў
Ці з якіх вяршыняў
Напамінам продкаў праз гады
Мы пароль пачулі
І душой адчулі:
«То ўзаемна» — гэта назаўжды!
Макс Корж і Лэдзі Гага. У Беларусі значна пашырылі «чорны спіс» музыкаў