У беларускія крамы вярнуліся жэлацінкі Haribo, але не тыя, што былі раней

Выданне Onliner заўважыла, што ў рознічным гандлі ў Беларусі зноў з'явіўся жавальны мармелад вядомага нямецкага брэнда Haribo. Аднак цяпер гэтыя жэлацінкі зробленыя не ў Еўропе, а прывезеныя з завода ў Турцыі.

03.04.2023 / 16:43

Як сведчаць надпісы на ўпакоўцы, вытворчасць мармеладу знаходзіцца ў Стамбуле. Знайсці яго можна, напрыклад, на паліцах крам сеткі «Еўраопт», гэтая сетка яго і імпартуе. Прадаецца мармелад па цане каля 3 рублёў за 80 грамаў.

Нядаўна ў продаж вярнуліся таксама шакаладкі Ritter Sport, цукеркі Merci і Toffifee. І гэтыя прысмакі — арыгінальнай нямецкай вытворчасці, але па завоблачных цэнах. 

З 1 студзеня 2022 года частка еўрапейскіх тавараў апынулася ў Беларусі пад забаронай (але з магчымасцю выдзялення квот для ўвозу), у тым ліку шакалад, розныя цукеркі і жэлацінкі. У крамах распрадавалі рэшткі тавараў, цяпер жа, мяркуючы з тэрмінаў прыдатнасці, прыехалі новыя партыі. Паводле аднаго з расследаванняў Беларускага расследавальніцкага цэнтра, на прывозе і рэалізацыі гэтых тавараў зарабляюць бізнэсмены, блізкія да Лукашэнкі, у прыватнасці Сяргей Цяцерын.

Чытайце таксама:

Следам за шакаладам Ritter Sport у беларускія крамы вярнуліся Merci і Toffifee

Хто завозіць у Беларусь шакалад Ritter Sport, які трапіў пад лукашэнкаўскія «контрсанкцыі»?

Імпартазамяшчэнне: на Гомельскай кандытарскай фабрыцы пачнуць выпускаць аналаг швейцарскага шакаладу

Nashaniva.com